Пра падаражэньне напісаў праект «Вашы грошы».
Паводле зьвестак Белстату, сярэдні раздробны кошт цытрусавых вырас са сьнежня 2024 году да лістапада 2025-га з 7,25 да 7,81 рубля (+7,7%), пеністае віно — з 18,03 да 20,89 рубля (15,9%).
«Самае цікавае відаць на доўгай дыстанцыі — і тут „навагодняя дробязь“ ператвараецца ў важкую нагрузку для кашалька. Калі параўнаць са сьнежнем 2021 году, сярэдні кошт цытрусавых вырас з 4,07 да 7,81 рубля — на 92%. Пеністае віно — з 12,32 да 20,89 рубля, гэта значыць прыкладна на 70%», — гаворыцца ў публікацыі.
«У перакладзе на бытавую лёгіку гэта азначае, што мандарыны сталі менш даступнымі — іх цана расла хутчэй за даходы насельніцтва, і кожны кіляграм усё больш „адкусвае“ ад бюджэту сям'і. Пеністае трымаецца бліжэй да дынамікі заробкаў і менш б’е па кішэні. Часткова гэта тлумачыцца тым, што значная доля прапановы алькаголю фарміруецца ўнутры краіны, і цэны на яго рэгулююцца, а значыць, менш залежаць ад вонкавых цэнавых шокаў і лягістыкі», — адзначаюць экспэрты.
Канал зьвяртае ўвагу на тое, што «сьвяточны кошык» прадуктаў даражэе нераўнамерна.
«Наконт пеністых вінаў разьбежыца за пяць гадоў вельмі паказальная: у Менскай вобласьці рост склаў усяго 37%, а ў Віцебскай — 106%, гэта значыць цана падвоілася», — паведамляецца ў публікацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правал у экспарце і падрыхтоўка да магчымай стагнацыі. Што адбылося зь беларускай эканомікай у 2025-м