Паводле зьвестак папулярнай сеткі кнігарняў OZ.by, продажы кніг сучасных беларускіх аўтараў патроіліся, што адпавядае росту на 200%, піша Telegraf.
«Агульны аб’ём продажаў у гэтай катэгорыі вырас на 200%, што робіць беларускую літаратуру адной з самых хуткарослых», — паведаміла OZ.by у падсумаваньні году.
У той жа час цікавасьць да кніг на беларускай мове павялічылася на 30%. Сярод самых папулярных — клясыка. Напрыклад, раман Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня», напісаны амаль 180 гадоў таму, застаецца на вяршыні рэйтынгаў продажаў, якія растуць штогод.
Містычны раман «Нячысты Мінск» таксама быў сярод самых прадаваных кніг году.
«Што тычыцца жанраў, попыт быў разьмеркаваны няроўна. Містыка і жудзікі за год вырасьлі на 130%: гэтыя кнігі ўсё часьцей выбіраюць для адпачынку і адключэньня ад штодзённай руціны. У той жа час продажы кніг па псыхалёгіі і гістарычных раманаў зьнізіліся на 15%: цікавасьць да іх паступова саступае месца іншым жанрам», — гавораць у сетцы кнігарняў.
На рынку адзначылі, што беларускія чытачы ўсё часьцей выбіраюць літаратуру, якая дазваляе ім «уцячы ад рэальнасьці», асабліва з выразным мясцовым калярытам.
У той жа час, беларусы «робяцца больш пераборлівымі і шукаюць кнігі, якія адпавядаюць іх інтарэсам і ладу жыцьця».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад турэмнай літаратуры да навуковай фантастыкі. Якія беларускія кнігі выйшлі ў 2025 годзе