Перамовы Дональда Трампа і Ўладзіміра Зяленскага пройдуць у амэрыканскім штаце Флорыда.
Украінская дэлегацыя ўжо прыбылі ў Злучаныя Штаты, пра што паведаміў намесьнік міністра замежных спраў Украіны Сяргей Кісьліца.
Паводле выданьня Politico, чакаецца, што сустрэча будзе прысьвечана гарантыям бясьпекі, якія ЗША гатовыя прадаставіць Украіне. Акрамя таго, чакаецца, што Трамп і Зяленскі абмяркуюць кіраваньне Запароскай АЭС і кантроль над тэрыторыямі Данбасу, на якія квапіцца Масква.
Кіеў прапануе стварэньне дэмілітарызаванай зоны ўздоўж лініі судакрананьня. Раней Зяленскі пісаў, што мае намер абмеркаваць мірны плян з 20 пунктаў, распрацаваны ў час сустрэчаў з прадстаўнікамі ЗША і Эўрапейскага зьвязу. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у размове з Politico заявіў, што чакае плённай сустрэчы.
У Axios лічаць, што сустрэча зьяўляецца прыкметай значнага прагрэсу ў перамовах. Раней Трамп заяўляў, што сустрэнецца зь Зяленскім, толькі калі будзе ўпэўнены, што пагадненьне знаходзіцца ў блізкай да завяршэньня стадыі.
Раней Зяленскі заяўляў, што плян Трампу «на 90% узгоднены» і што «шмат што можа быць вырашана да Новага году».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея атакавала дронамі Кіеў, тысячы дамоў безь цяпла, экстрана адключаюць электрычнасьцьГалоўнай перашкодай угодзе, відаць па ўсім, выступае патрабаваньне Расеі атрымаць кантроль над усім рэгіёнам Данбасу. ЗША прапанавалі ператварыць тэрыторыі, зь якіх Кіеў папросяць вывесьці свае войскі, у дэмілітарызаваную «свабодную эканамічную зону». Зяленскі настойвае на вывадзе расейскіх войскаў зь цяперашняй лініі і падкрэсьлівае, што тэрытарыяльныя саступкі павінны быць зацьверджаныя рэфэрэндумам.
Перад перамовамі прэзыдэнтаў Украіны і ЗША расейцы нанесьлі шматлікія ўдары па мірных гарадах Украіны, гінулі і зазнавалі раненьняў людзі. 27 сьнежня кіраўнік расейскага Генштабу Валерый Герасімаў апавясьціў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аб узяцьці ўкраінскіх Мірнаграда і Гуляйполя, але Ўкраіна запярэчыла тым заявам, адзначыўшы, што расейцы распаўсюджваюць хлусьлівыя зьвесткі, каб умацаваць свае пазыцыі ў пытаньні перамоваў.
Пуцін раней пагражаў тым, што, калі Ўкраіна ня выведзе свае войскі зь цяперашняй лініі фронту, Расея вырашыць свае задачы вайсковым шляхам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Украіны Зяленскі расказаў пра 20 пунктаў мірнага пляну ЗША