Дасьледчыкі знайшлі месца ў Беларусі, дзе базуецца «Арэшнік» — Reuters

Спадарожнікавыя здымкі з-пад Крычава

Расея, імаверна, пачала разьмяшчаць новыя гіпэргукавыя балістычныя ракеты «Арэшнік», здольныя несьці ядзерную боегалоўку, на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на двух амэрыканскіх дасьледчыкаў, якія вывучылі спадарожнікавыя здымкі.

Паводле іх высноваў, ракеты могуць быць разьмешчаныя на былой авіябазе каля Крычава на ўсходзе Беларусі, недалёка ад расейскай мяжы. Дасьледчыкі ацэньваюць верагоднасьць гэтага на 90%. Іх высновы ў цэлым супадаюць з ацэнкамі амэрыканскай выведкі.

Ракеты «Арэшнік» маюць далёкасьць да 5500 км, што дазваляе Расеі накрываць большую частку Эўропы. Экспэрты лічаць, што іх разьмяшчэньне ў Беларусі падкрэсьлівае ўсё большую стаўку Крамля на ядзернае стрымліваньне ў супрацьстаяньні з NATO і ў кантэксьце вайны супраць Украіны.

Упершыню Расея пратэставала «Арэшнік» у лістападзе 2024 году, нанёсшы ўдар па тэрыторыі Ўкраіны з канвэнцыйнай боегалоўкай. Уладзімір Пуцін заяўляў, што ракета нібыта непаражальная для сыстэмаў СПА з прычыны хуткасьці больш за Mach 10.

Уладзімір Пуцін раней публічна казаў пра намер разьмясьціць гэтыя ракеты ў Беларусі. Аляксандар Лукашэнка на мінулым тыдні заявіў, што першыя ракеты ўжо разьмешчаныя, але не ўдакладніў месца. Паводле яго, у Беларусі можа быць да 10 ракет «Арэшнік», аднак дасьледчыкі мяркуюць, што база ля Крычава здольная прыняць толькі тры пускавыя ўстаноўкі, а астатнія могуць знаходзіцца ў іншым месцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’ект «Участак». Што насамрэч будуюць на былой ракетнай базе пад Слуцкам паводле сакрэтнага распараджэньня Лукашэнкі

Спадарожнікавыя здымкі паказваюць сьпешнае будаўніцтва, якое пачалося ў жніўні. Сярод прыкмет — ваенны чыгуначны вузел, які можа служыць для дастаўкі ракет і замаскаваныя бэтонныя пляцоўкі, якія могуць выкарыстоўвацца як пускавыя пазыцыі.

У Вашынгтоне і Брусэлі афіцыйных камэнтароў пакуль не далі. Беларускае МЗС ад камэнтароў адмовілася. Дзяржаўнае агенцтва БелТА цытуе міністра абароны Віктара Хрэніна, які заявіў, што разьмяшчэньне «Арэшніка» «не зьмяняе балянс сілаў у Эўропе» і зьяўляецца адказам на «агрэсіўныя дзеяньні Захаду».

Частка экспэртаў лічыць, што ваеннага сэнсу ў разьмяшчэньні гэтых ракет у Беларусі няшмат, і галоўная мэта — палітычны сыгнал. «Няма ваеннай неабходнасьці ставіць іх у Беларусі — гэта выключна палітычнае рашэньне», — адзначыў адзін з дасьледчыкаў.

Разьмяшчэньне «Арэшніка» адбываецца за некалькі тыдняў да завяршэньня тэрміну дзеяньня дамовы New START — апошняга пагадненьня паміж ЗША і Расеяй, якое абмяжоўвае стратэгічныя ядзерныя ўзбраеньні, нагадвае Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Разнос Лукашэнкі, скандал з Бабарыкам, дзе ж «Арэшнік»
  • У верасьні Свабода ў супрацы з украінскай камандай «Схемы» і эстонскімі выданьнямі Delfi Estonia і Eesti Ekspress падрыхтавала расьсьледаваньне пра пачатковую стадыю будаўніцтва невядомага сакрэтнага вайсковага аб’екта ў Слуцкім раёне каля вёскі Паўлаўка і аграгарадку Вежы — на месцы былога савецкага вайсковага гарадка 306-га ракетнага палку стратэгічнага прызначэньня.
  • На падставе аналізу спадарожнікавых здымкаў апытаныя Свабодай вайсковыя экспэрты тады выказалі вэрсію, што новы аб’ект можа быць прыдатны для разьмяшчэньня расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік» («Орешник»), аднак падкрэсьлілі, што дакладнае канчатковае прызначэньне аб’екта пакуль немагчыма вызначыць.
  • Лукашэнка, выступаючы на УНС, заявіў, што інфармацыя пра разьмяшчэньне «Арэшніку» у Слуцкім раёне не адпавядае рэчаіснасьці.