Былая палітзьняволеная Марыя Калесьнікава апублікавала відэа, у якім падзякавала ўсім за падтрымку і «расказала сваю гісторыю цуду, якая стала магчымай дзякуючы людзям».
У відэа яна падзякавала ўсім, хто падтрымліваў яе ў зьняволеньні. Па-ангельску падзякавала прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу за вызваленьне і выказала спадзяваньне, што зможа падзякаваць яму пэрсанальна. Асноўны яе зварот быў па-расейску, але Калесьнікава выказвала падзяку па-ўкраінску, па-нямецку і па-беларуску.
«Я веру ня толькі ў цуды. Я веру ў людзей. Я веру, што мы вернемся дадому», кажа Калесьнікава. У былой палітзьняволенай цяпер сьветлы колер валасоў, як падчас выбарчай кампаніі 2020 году.
- Марыя Калесьнікава — былая палітзьняволеная, палітык, музыка, якая стала адным з галоўных сымбаляў мірных пратэстаў 2020 году. Марыя была кіраўніцай перадвыбарчага штабу прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Калі яго не зарэгістравалі і затрымалі, яна разам з камандамі Сьвятланы Ціханоўскай і Веранікі Цапкалы аб’ядналася. Калі ў краіне пачаліся масавыя мірныя пратэсты, Марыя засталася ў Беларусі і стала адным з найбольш бачных лідараў гэтага руху. У верасьні 2020 года яе затрымалі сілавікі. Марыя адмовілася пакінуць краіну, разарвала свой пашпарт. Пазьней суд прыгаварыў яе да 11 гадоў турмы. Праваабарончыя арганізацыі і міжнародныя палітыкі шмат разоў заклікалі да яе вызваленьня, адзначалі цяжкія ўмовы ўтрыманьня, абмежаваны кантакт з сям’ёй і сур’ёзныя праблемы са здароўем. 23 сьнежня пасьля больш чым 5 гадоў зьняволеньня Марыя Калесьнікава была вызвалена, разам з іншымі палітычнымі зьняволенымі, і вывезена з Беларусі.