Лукашэнка як чалавек савецкі мае захапленьне Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі, — аналітык Фрыдман

Канстанцін Бычак (зьлева) і Дзьмітры Гара ў Лукашэнкі пасьля прызначэньня. Менск, 23 сьнежня 2025

Сьцісла

  • Новыя кіраўнікі сілавікоў вельмі актыўна ўдзельнічалі ў рэпрэсіях. Іх прызначэньне азначае: рэпрэсіі будуць працягнуцца
  • У атачэньні Лукашэнкі няма людзей, якія да яго дастаткова блізкія.
  • Калі б Лукашэнка сёньня прымаў рашэньне пра пераемніка, ім хутчэй за ўсё стаў бы Дзьмітры Круты.
  • Мэсыдж ад Лукашэнкі намэнклятуры: «Пакуль вы са мной, у вас усё будзе нармальна».
Гісторык і палітычны аналітык Аляксандар Фрыдман аналізуе, што азначаюць новыя прызначэньні сілавікоў, разважае пра адносіны Лукашэнкі і намэнклятуры і параўноўвае ўладу ў Беларусі з сталінскім палітбюро.

— Якія можна зрабіць высновы з чарговых кадравых перастановак, праведзеных Аляксандрам Лукашэнкам? Новым старшынём Сьледчага камітэту стаў Канстантын Бычак, які да гэтага ачольваў сьледчае ўпраўленьне КДБ. Дзьмітры Гара, які ачольваў Сьледчы камітэт, цяпер стаў генэральным пракурорам Беларусі. Былога генэральнага пракурора Андрэя Шведа прызначылі новым старшынём Вярхоўнага суду Беларусі замест Валянціна Сукалы. Што гэта азначае, ці ёсьць нейкая лёгіка і заканамернасьць у гэтых прызначэньнях?

Аляксандар Фрыдман

— Мне падаецца, пэўная лёгіка тут прысутнічае і гэта характэрна для палітычнага стылю Лукашэнкі. Традыцыйна не бывае, каб сілавікі знаходзіліся на сваёй пасадзе даволі працяглы час, Лукашэнка імкнецца тасаваць кадры.

Тое, што адбылося са Шведам — я б не сказаў, што гэта азначае няміласьць альбо канец кар’еры. Калі б яго накіравалі амбасадарам у нейкую краіну, як раней некаторых кіраўнікоў сілавых структураў, можна было б меркаваць, што там штосьці адбылося, скончылася кар’ера. Але яго перавялі ў Вярхоўны суд.

Лукашэнка падкрэсьліў, што важным напрамкам дзейнасьці Шведа быў праект «генацыду беларускага народу». Швед гэтую тэму актыўна прасоўваў, арганізоўваў судовыя працэсы над нябожчыкамі. І цяпер Лукашэнка кажа, што гэты праект фактычна скончаны, што мы, маўляў, здабылі значную колькасьць інфармацыі, нічога новага ня знойдзем, таму трэба (я, прынамсі, так яго зразумеў) паступова з гэтым праектам скончыць і запатрабаваць рэпарацыі зь Нямеччыны. Відавочна, канешне, што яны нічога не атрымаюць, гэта ўсё пустая гісторыя. Але гэты напрамак, фокус «на генацыд» сыходзіць.

У цэлым гэтыя новыя кадры — і Бычак, і Гара — вельмі актыўна ўдзельнічалі ў рэпрэсіях, прасунуліся ў сваіх кар’ерах пасьля 2020 году. Так што іх прызначэньне — гэта вельмі зразумелы мэсыдж: «Нічога не зьменіцца, рэпрэсіі працягнуцца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новым кіраўніком Сьледчага камітэту стаў Бычак з КДБ, а яго папярэднік ачоліў Генэральную пракуратуру

— Абодва новыя прызначэнцы паходзяць з КДБ. Ці азначае гэта, што ў вечнай барацьбе паміж сілавымі ведамствамі за ўплыў і бюджэты на сёньня перамагае КДБ, які стаў самай уплывовай сілавой структурай?

— Так, я згодны з такой ацэнкай. Тое, што перамовы з амэрыканцамі праходзілі пры ўдзелы старшыні КДБ Івана Тэртэля і тое, што ён стаў вельмі мэдыйнай фігурай у параўнаньні зь іншымі сілавікам, сьведчыць на карысьць гэтага тэзіса.

Лукашэнка як чалавек савецкі мае пэўнае захапленьне Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі. Акрамя таго, ён служыў у Памежных войсках, якія падпарадкоўваюцца КДБ. Ягонае адчуваньне, што КДБ павінна быць самай моцнай, надзейнай і галоўнай структурай. Стаўка на КДБ прысутнічала ў Лукашэнкі ўсе гады ягонага кіраваньня.

Аднак хаця пазыцыі Тэртэля на сёньня выглядаюць досыць моцна, ня думаю, што ў гэтай сыстэме ёсьць людзі з сапраўды моцнымі пазыцыямі. І я не выключаю, што праз пэўны час будзе магчыма нават ракіроўка паміж Бычакам і Тэртэлем.

— Як бы вы на сёньня ахарактарызавалі бліжэйшае атачэньне Лукашэнкі? З чым яго можна гістарычна параўнаць — сталінскае палітбюро, брэжнеўскае, колішнія дыктатуры Лацінскай Амэрыкі?

— Калі ўжо браць гістарычныя параўнаньні — для атачэньня Лукашэнкі найбольш падыходзіць прыклад сталінскага палітбюро. Брэжнеў быў «першы сярод роўных», а Сталін быў заўсёды асобна, на вяршыні. З Лукашэнкам тое ж самае. Там няма людзей, якія былі б да Лукашэнкі дастаткова блізкія. Там амаль няма людзей, якія зь ім пачыналі.

Паміж Лукашэнкам і ягонымі міністрамі велізарная розьніца, дыстанцыя. У гэтым сэнсе лукашэнкаўскі рэжым вельмі пэрсаналісцкі, такі, як сталінская дыктатура, як была дыктатура Франка ў Гішпаніі, дыктатуры ў Лацінскай Амэрыцы.

Няма такога, каб нехта да Лукашэнкі наблізіўся ў сэнсе пэрсанальных адносінаў. Але Лукашэнка пра гэта ўжо задумваецца, часта кажа, што ягоны час сыходзіць. Ён дакладна разумее, што галоўнае ўжо прайшло, таму ён прасоўвае людзей больш маладых. Той жа Бычак мае 40 гадоў, паводле беларускіх мерак гэта досыць малады чыноўнік.

Зь іншага боку, можна сказаць, што 2025 — гэта быў год кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Дзьмітрыя Крутога. Як падаецца, яго пазыцыі нават узмацніліся. Я думаю, што калі б Лукашэнка сёньня прымаў рашэньне пра пераемніка, ім, хутчэй за ўсё, стаў бы Круты.

Што тычыцца сыноў — гэта тыя, каму Лукашэнка найбольш давярае. Я ня думаю па-ранейшаму, што ў яго там ідуць нейкія развагі пра тое, каб перадаць уладу сынам. Прынамсі старэйшаму сыну відавочна не жадае. А зь Мікалаем, мне здаецца, ён разумее, што гэта фізычна будзе немагчыма.

Але сям’я вельмі важная ў тым сэнсе, што гарантуе яму бясьпеку й бесклапотнае існаваньне пасьля таго, як ён сыдзе. Старэйшы сын пераважана зьяўляецца ў кантэксьце Блізкага Ўсходу, ён займаецца гэтым накірункам. А Коля суправаджае свайго бацьку пераважна як турыст.

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітры Круты прамаўляе падчас прызначэньня новых кіраўнікоў Генпракуратуры і Сьледчага камітэту. Менск, 23 сьнежня 2025

— Як на сёньня можна ахарактарызаваць «сацыяльную дамову» Лукашэнкі з намэнклятурай? Ці ён трымае яе ў страху (бо карупцыйныя справы не спыняюцца) ці наадварот, забясьпечвае ёй даволі спакойнае і бестурботнае існаваньне?

— Я б сказаў, што ягоная стратэгія дваістая. З аднаго боку, калі ён пачаў выпускаць вядомых палізьняволеных, яму трэба сваёй намэнклятуры гэта патлумачыць. Яшчэ 20 гадоў таму ён бы прыняў рашэньне і не лічыў бы патрэбным штосьці камусьці тлумачыць.

Але цяпер сытуацыя такая, што кожны раз ён апраўдваецца, ён разумее, што намэнклятура чакае ад яго адказу. Ён адчувае, што ім неабходна даць нейкія сыгналы. Яны павінны зразумець, што трэба і надалей аддана працаваць на Лукашэнку, бо гэта гарант таго, што нічога не зьменіцца, што ня будзе радыкальных пераўтварэньняў, што не адбудзецца нейкая рэвалюцыя. Можна дыскутаваць, наколькі гэта рэалістычна. Але яны гэтага баяцца. Таму ідзе мэсэдж ад Лукашэнкі: «Пакуль вы са мной, пакуль вы адданыя мне, у вас усё будзе нармальна. У вас будуць кар’еры, дабрабыт». І яны гэты мэсыдж пачулі.

Што тычыцца барацьбы з карупцыяй, то тут хутчэй вельмі сэлектыўная барацьба. Хапаюць тых, хто сапраўды перайшоў пэўную чырвоную рысу. Прычым дзе гэтая чырвоная рыса знаходзіцца й каго будуць караць, вырашае сам Лукашэнка. Ён зноў падкрэсьліў, што трэба змагацца з карупцыяй, што беларускае грамадзтва гэтага патрабуе, каб была справядлівасьць.

І тут можна паразважаць у кантэксьце працы Шведа. Бо той на пасадзе генэральнага пракурора змагаўся пераважна з палітычнымі апанэнтамі рэжыму, шукаў «генацыд беларускага народа», але я ня памятаю, каб ён праславіўся барацьбой з карупцыяй. А тут Лукашэнка, прызначаючы новых міністраў, адмыслова кажа пра тэму карупцыі. Я думаю, што і надалей будуць гучныя карупцыйныя справы, як мы гэта і бачылі, пачынаючы з 1994-га году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2020 год не адпускае: Лукашэнка і цені апазыцыі на УНС