Мяркуючы з паведамленьняў і фатаграфій Царова ў сацсетках, увечары 20 сьнежня ён выехаў цягніком Масква — Менск і ўвечары 23 сьнежня вылецеў назад рэйсам «Белавія». Магчыма, пражываў у пяцізоркавым «Прэзыдэнт-гатэлі»: двойчы завочна асуджаны ўкраінскім судом палітык сфатаграфаваўся з афіцыянткай гэтага гатэлю.
«Адчуў эстэтычны шок. Еду ў савецкім купэ, дзе ўсё новае і ўсё працуе. Чатыры кнопкі рэгуляваньня яркасьці сьвятла. Працуе вэнтыляцыя, рычаг пераключэньня ня адламаны і сапраўды рэгулюе паток паветра — праверыў. Радыё, разэтка, індыкацыя занятасьці туалета», — апісаў Цароў свае ўражаньні ад паездкі на цягніку.
«Дарэчы, у Беларусі (у рускамоўным арыгінале „в Белоруссии“. — „Позірк“.) спакойна грузіцца YouTube, прымаюцца званкі па What’s App і Telegram. Грузяцца наўпрост сайты замежных СМІ. На фоне абмежаваньняў ва ўсім сьвеце проста аазіс дэмакратыі», — падзяліўся ўражаньнямі калябарант, які пражывае, паводле зьвестак украінскіх СМІ, пераважна ў анэксаваным Расеяй Крыме.
Улады РФ абмяжоўваюць альбо блякуюць доступ да тых ці іншых мэсэнджараў у рамках барацьбы з іншадумствам і ўкраінскімі дронамі. Пры гэтым Цароў не згадаў, што беларускія ўлады таксама блякуюць доступ да непажаданага для іх кантэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі паведамілі аб замаху на колішняга ўкраінскага дэпутата, калябаранта Царова. Ён у цяжкім станеЦароў не паведаміў, ці праводзіў у Беларусі якія-небудзь сустрэчы.
- Вясной 2022 года ён быў завочна прыгавораны ўкраінскім судом да 12 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў публічных закліках да зьмены дзяржаўнай мяжы Ўкраіны і гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу.
- Увосень 2024 года былы дэпутат Вярхоўнай Рады завочна атрымаў 8 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў фінансаваньні ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны. У даход дзяржавы канфіскавана яго маёмасьць больш чым на 460 млн грывень (каля 11 млн долараў). Пры гэтым асноўная частка маёмасьці знаходзіцца ў анэксаваным Расеяй Крыме (санаторый і музэй, ацэненыя ў 456 млн грывень) і дэ-факта пакуль не можа быць канфіскаваная.
- У кастрычніку 2023 года ў Крыме на Царова быў зьдзейсьнены замах.