Хроніка перасьледу 23 сьнежня: зноў пабольшала палітвязьняў, журналіста Івашына, імаверна, зноў зьмясьцілі ў ШІЗА

Суд Мазырскага раёну Гомельскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што яшчэ 10 чалавек прызналі палітвязьнямі.

Сярод іх: Андрэй Прыходзька, Андрэй Асіпенка, Мікалай Буневіч, Віталь Кануркін, Руслан Баранчук, Мікалай Галалюк, Уладзімер Мелікаеў, Дзьмітры Бабіцкі, Ягор Краўчэня, Андрэй Юшкевіч.

Цяпер, агульны лік палітвязьняў, паводле «Вясны» складае 1135, а паводле dissidentby, яшчэ адной праваабарончай ініцыятывы, — 1176.

У «экстрэмісцкі» сьпіс унесьлі тэлеграм-канал Беларускага ПЭНа і старонку зь сьпісам палітвязьняў

У адказ на гэтую навіну на Беларускі ПЭН заклікаў тых, хто застаецца ў Беларусі, адпісацца.

«Беларускі ПЭН заўсёды застаецца адданы свабодзе слова і правам чалавека і будзе працягваць працу, нягледзячы на перашкоды з боку дзейнай улады», — гаворыцца ў допісе Беларускага ПЭНа.

Бялыніцкі суд прызнаў «экстрэмісцкім» Telegram-стыкер «Чык чырык». А Ленінскі суд Берасьця — старонку зь сьпісам беларускіх палітвязьняў prisoners.spring96.org, прычым з памылкай: «prisoner» замест «prisoners».

Таксама ў «экстрэмісцкі» сьпіс дадалі TikTok-старонкі «Егор Беларус» і «Disident», старонку ў Facebook «Embaixada Popular de Belarus no Brasil», а таксама Telegram-каналы «NSDAP», «Война с Ордой. Сергей Ауслендер», паведаміла «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 сьнежня: плюс 23 палітвязьні, прысуды ў «справе Гаюна» і за абразу Лукашэнкі

Журналіста Івашына зноў кінулі ў ШІЗА

Праваабаронцы «Вясны» з спасылкай на жонку палітзьняволенага журналіста Вольгу Івашыну паведамілі, што Дзяніса зноў зьмясьцілі ў ШІЗА.

«У нас жа пакуль ніякіх зьменаў не назіраецца. Паводле ўсіх магчымых затрымак праз цэнзуру, выходныя ды іншае, мы меліся б атрымаць нейкую новую карэспандэнцыю ад Дзяніса. Аднак прамінулі ўжо 15 дзён, але нічога ад яго пакуль не прыйшло. Паколькі іншай інфармацыяй мы не валодаем, самай імавернай прычынай зьяўляецца тое, што, пакуль мы радаваліся вызваленьню іншых палітвязьняў, наш ваяр знаходзіўся (і, імаверна, перабывае там дагэтуль) у ШІЗА», — паведаміла Вольга.

Вызвалены праваабаронца Уладзь Лабковіч пацьвердзіў, што Дзяніс Івашын знаходзіцца ў ШІЗА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіст Дзяніс Івашын ужо 4 гады за кратамі. Што вядома пра палітвязьня

Хворая на анкалёгію чакае суда ў палітычнай справе

«Гомельская Вясна» працягвае сачыць за сытуацыяй з жыхаркай Мазыра Ірынай Левінай. Сёлета ў чэрвені яе жорстка затрымалі на выхадзе з анкалягічнага дыспансэру ў Мазыры.

Тады Ірыну зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар № 3 у Гомлі. Але пазьней стан здароўя жанчыны ў ізалятары пагоршыўся, і ёй дазволілі знаходзіцца спачатку ў лякарні, а потым дома. Тым ня менш, праз пагаршэньне стану ў яе ўзьніклі цяжкасьці з праходжаньнем лячэньня. У прыватнасьці, стала немагчымай заплянаваная апэрацыя.

У СІЗА Ірыне, імаверна, занесьлі нейкую інфэкцыю, якая справакавала пагаршэньне стану. Давялося лячыць гэтую інфэкцыю. Цяпер жа Левіна мае рыхтавацца да апэрацыі ў перасадцы касьцявога мозгу. Але перад гэтым неабходна выканаць дыягностыку магчымасьці такой апэрацыі.

Як паведамілі мэдыкі, Ірына зараз чакае суда ў сваёй крымінальнай справе. Дакладна вядома, што справа мае палітычную матываванасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новым кіраўніком Сьледчага камітэту стаў Бычак з КДБ, а яго папярэднік ачоліў Генэральную пракуратуру