Сугак лічыць, што падзяка Калесьнікавай за вызваленьне Лукашэнку — гэта не стакгольмскі сындром і не ўхвала за пачатак нацыянальнага прымірэньня. Журналістка адзначыла, што Марыя доўгі час знаходзілася ў поўнай ізаляцыі і ня ведала пра зьмены ў грамадзкай сытуацыі і нават рыторыцы, напрыклад, што Лукашэнку цяпер часта называюць «дзедам».
«Для тых, хто гадамі сядзеў у турме, сьвет можа выглядаць інакш, чым для людзей на волі. Ім трэба даць час, каб арыентавацца ў новай рэчаіснасьці» — адзначыла Сугак. Яна не выключае, што падзяка магла быць адной з умоваў вызваленьня. Яўгенія катэгарычна адмаўляе, што вызваленьні сьведчаць пра пачатак адлігі ў краіне. «Людзей выпускаюць не з-за ўнутраных зьменаў, а выключна таму, што Лукашэнка вядзе перамовы з камандай Дональда Трампа. Ён вымушаны вызваляць вязьняў, бо гэта частка гандлю» — мяркуе Сугак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бабарыканцы» і «ціханоўцы»: ці рассварыцца беларуская апазыцыя. Палітыка з ДракахрустамЯна адзначыла, што «адліга наступіла выключна для самога Лукашэнкі: размарожваюцца адносіны з Захадам, здымаюцца санкцыі, зьяўляецца магчымасьць прадаваць калійныя ўгнаеньні, магчымае адкрыцьцё амэрыканскай амбасады, адбываюцца сустрэчы з высокімі чыноўнікамі ЗША, ня выключаная асабістая сустрэча з Трампам. Для беларускага грамадзтва адлігі няма». Для сябры аргкамітэту партыі «Разам» сапраўдная адліга — гэта ня некалькі соцень вызваленых палітвязьняў, а сыстэмныя зьмены:
- поўнае спыненьне рэпрэсій і новых арыштаў і зьняволеньняў;
- магчымасьць нармальнай грамадзкай дзейнасьці;
- спыненьне перасьледу грамадзкіх арганізацыяў;
- магчымасьць працы незалежных СМІ ўнутры краіны;
- адсутнасьць крымінальных спраў за камэнтары ў сацсетках ці інтэрвію «экстрэмісцкім» выданьням.
«Нічога з гэтага зараз няма. Вызваленьні адбываюцца толькі таму, што вязьняў ёсьць на што памяняць. Іншых прыкметаў адлігі няма» — сказала Яўгенія Сугак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам». Куды павядуць беларусаў Бабарыка і Калесьнікава?