Паводле пляну, пад’езд, дзе адбыўся выбух, павінен быць зьнесены да пятага паверху цягам двух дзён, адзначаюць «Сильные новости». Тым часам жыхары працягваюць прыходзіць у двор, каб проста ў апошні раз зірнуць на свой дом і разьвітацца з тым, што было часткай іх жыцьця на працягу многіх гадоў.
Некаторых жыхароў дому, кватэры якіх захаваюцца, папрасілі часова пакінуць сваё жытло. Гэта тычыцца першага і другога пад’ездаў дому № 3 на вуліцы Косарава і шостага пад’езду дому № 5. Улады абяцаюць забясьпечыць часовым жыльлём тых, каму гэта спатрэбіцца.
На працягу наступных двух дзён рабочыя плянуюць дэмантаваць часку дому ў пад’езьдзе, дзе адбыўся выбух, да пятага паверху.
17 сьнежня ў Гомлі ў жылым доме на вуліцы Косарава, 3 адбыўся выбух. Як высьветлілася пазьней, выбухнуў бытавы газ. Загінула жанчына.
Неўзабаве пасьля трагедыі на месца прыбылі рабочыя, каб дэмантаваць пашкоджаныя канструкцыі і пліты зь верхніх паверхаў. Гэта дазволіць пазьбегнуць абвалаў і далейшае пагрозы іншым жыхарам дому.
Пасьля гэтага пашкоджаную выбухам частку дому пачнуць аднаўляць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі абрынулася частка шматпавярховага жылога дому. Жывых пад заваламі не знайшлі, аб загінулых не паведамілі