Вайна, рубель, санкцыі, палітвязьні. Вялікае апытаньне Свабоды пра 2026 год

Дональд Трамп, Уладзімір Зяленскі, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, каляж

Што адбудзецца ў 2026 годзе? Свае адказы прапануюць экспэрты, апытаныя Радыё Свабода напярэдадні Новага году.

40 адмыслоўцаў — палітолягаў, палітычных аналітыкаў, гісторыкаў і сацыёлягаў — адказалі на 10 пытаньняў традыцыйнай анкеты Свабоды пра год, які толькі пачынаецца.

Курс рубля

Летась назіралася заўважнае ўзмацненьне беларускага рубля адносна даляра. Напачатку году курс складаў 3,4 рубля за даляр, у сакавіку ён падвысіўся да 3 рублёў за даляр, у наступныя 9 месяцаў ён вагаўся прыкладна вакол гэтага сакавіцкага паказьніка. Напрыканцы году даляр каштаваў менш за 3 рублі.

Гэтая сытуацыя была вынікам палітыкі адміністрацыі ЗША на аслабленьне нацыянальнай валюты, даляр таньнеў адносна ўсіх асноўных валютаў сьвету.

Аднак ніводзін з апытаных Свабодай экспэртаў не палічыў, што ў 2026 годзе курс застанецца ніжэй за 3 рублі, якім ён быў на працягу большай часткі мінулага году. Самы папулярны прагноз экспэртаў — ад 3 рублёў да 3,4 рублёў, зьніжэньне да ўзроўню студзеня 2025 году.

Сярэдні заробак

У сьнежні 2024 году сярэдні заробак у даляравым эквіваленце складаў 762 даляры.

У леташнім лістападзе сярэдні заробак у Беларусі склаў у даляравым эквіваленце 917 даляраў.

У студзені 2025 году ніхто з экспэртаў Свабоды не прадказваў такі высокі сярэдні заробак у далярах напрыканцы году. Адной з прычынаў гэтага стала таксама не прадказанае ўмацаваньне беларускага рубля.

У прагнозах на наступны год экспэрты, магчыма, улічылі досьвед мінулага году, і палова рэспандэнтаў назвала ў якасьці свайго прагнозу інтэрвал ад 900 да 1000 даляраў. Больш істотнага росту не прадказаў ніхто. Ладная частка экспэртаў мяркуе, што пасьля скачку ў 2025 годзе ўзровень заробку ў далярах у 2026 годзе не ўтрымаецца на леташнім узроўні.

Палітвязьні: памілаваньні і зьняволеньні

Паводле справаздачы праваабарончага цэнтру «Вясна», на працягу 2025 году пры садзейнічаньні ЗША былі памілаваныя 342 чалавекі. Адначасовы за мінулы год за краты трапілі прынамсі 509 новых палітвязьняў. Агулам зь ліпеня 2024 года на волю па памілаваньні выйшлі 569 палітвязьняў.

Напэўна, пад уплывам гэтых памілаваньняў большасьць экспэртаў Свабоды прадказалі, што ў 2026 годзе памілаваных будзе больш, чым новых палітвязьняў.

Аднак амаль траціна апытаных палічыла, што суадносіны будуць такімі ж, якімі былі ўсе гады, пачынаючы з 2020 году — памілаваных палітвязьняў за год будзе менш, чым тых, каго на пряцягу году прызнаюць палітычнымі зьняволенымі.

Колькасьць дзейных памежных пунктаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам

Пераважная большасьць экспэртаў прадказвае, што сёлета застанецца адкрытымі столькі ж памежных пераходаў, колькі было напрыканцы 2025 году.

У лістападзе летась Польшча адкрыла два пункты пропуску «Брузгі» — «Кузьніца Беластоцкая» і «Бераставіца» — «Баброўнікі». Іх закрылі некалькі гадоў таму ў адказ на вырак журналісту і актывісту польскай меншасьці Анджэю Пачобуту і на незаконны паток мігрантаў церазь беларуска-польскую мяжу.

Напрыканцы 2025 году былі адкрытымі 7 пунктаў пропуску на межах з краінамі Эўразьвязу, 7 пераходаў заставаліся закрытымі:

  • з Латвіяй: адкрытыя «Грыгораўшчына» (з латвійскага боку — «Патэрніекі»); закрытыя — «Урбаны» («Сілене»);
  • зь Літвой: адкрытыя — «Каменны Лог» (зь літоўскага боку — «Мядзінінкай») і «Беняконі» («Шальчынінкай»); закрытыя — «Лоша» («Шумскас»), «Відзы»(«Твярячус»), «Катлоўка» («Лаварышкес») і «Прывалка» («Райгардас»);
  • з Польшчай: адкрытыя — грузавы — «Казловічы» (з польскага боку – «Кукурыкі»), пасажырскія — «Берасьце» («Тарэспаль»), «Брузгі» («Кузьніца Беластоцкая»), «Бераставіца» («Баброўнікі»); закрыты — «Дамачава» («Славацічы»), «Пясчатка» («Полаўцы»).


Санкцыі Эўразьвязу

Адносная большасьць (42%) апытаных спрагназавала, што Эўразьвяз скасуе некаторыя санкцыі, але і ўвядзе новыя, і яшчэ 30% прадказалі, што новыя санкцыі ўвядуць без аслабленьня ці прыпыненьня ранейшых.

Адзін з экспэртаў, які выказаўся як адносная большасьць, гэтак патлумачыў свой адказ: «Новыя санкцыі ўвядуць за падтрымку вайны, да яе сканчэньня».

У 2025 годзе Эўразьвяз прыняў 4 пакеты санкцыяў адносна Беларусі разам з Расеяй — з пачатку поўнамаштабнай вайны 16-ы (24 лютага), 17-ы(20 траўня), 18-ы (19 ліпеня) і 19-ы (22 кастрычніка).

У сакавіку 2025 году ЭЗ прыняў асобны пакет санкцыяў адносна Беларусі, які прадугледжваў абмежавальныя меры ў тым ліку і адносна Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Напрыканцы 2025 году Эўразьвяз распачаў працу над 20-м пакетам санкцыяў адносна Беларусі і Расеі, які, як мяркуецца, будзе прыняты напрыканцы лютага 2026 году, на чацьвёртую гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз рухаюцца ў розных кірунках, калі ідзецца пра санкцыі супраць Менску

Злучаныя Штаты ў 2025 годзе ў межах працэсу перамоваў з афіцыйным Менскам аслабілі санкцыі адносна кампаніі «Белавія» (у верасьні і лістападзе ), а таксама адносна калійнай галіны (у сьнежні ).

На пытаньне аб пазыцыі ЭЗ наконт аслабленьня санкцыяў ЗША адносна Беларусі кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу Кая Калас адказала: «Пакуль гэтая вайна працягваецца і Беларусь відавочна дапамагае Расеі ў яе ваенных намаганьнях, а таксама ў гібрыдных нападах супраць дзяржаваў ЭЗ, наша пазыцыя застаецца вельмі выразнай. Мы ўводзім больш санкцый супраць Беларусі і цісьнем на яе, каб яна не выкарыстоўвала гэтую тактыку супраць нас».

Вайна Расеі з Украінай

Летась вайна Расеі супраць Украіны ня скончылася. З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа пачаліся інтэнсіўныя перамовы аб міры, але ў 2025 годзе яны не прывялі да замірэньня.

Напачатку 2024 году амаль усе апытаныя экспэрты Свабоды прадказвалі, што ў тым годзе вайна ня скончыцца. Напачатку мінулага году ўжо толькі дзьве траціны апытаных экспэртаў Свабоды прагназавалі, што вайна ня скончыцца і ў 2025 годзе.

А на 2026 год, які пачаўся, большасьць прадказвае ўсё ж завяршэньне вайны. Можа ведаюць. Ці адчуваюць.

Сустрэча Лукашэнкі з Трампам

Большасьць апытаных Свабодай экспэртаў скептычна паставіліся да пэрспэктывы, што такая сустрэча адбудзецца сёлета. Аднак 14% рэспандэнтаў палічылі, што яна адбудзецца ў 2026 годзе.

У жніўні 2025 году адбылася тэлефонная гутарка паміж Трампам і Лукашэнкам. Прэсавая служба Лукашэнкі тады паведаміла, што ён запрасіў прэзыдэнта ЗША ў Беларусь і што запрашэньне было прынятае.

Пра магчымасьць сустрэчы з Дональдам Трампам Аляксандар Лукашэнка заявіў напрыканцы году, выступаючы 18 сьнежня на Ўсебеларускім народным сходзе. «Усё ідзе да таго, што мы павінныя з Трампам сустрэцца і дамовіцца», — сказаў ён.

Заходнія амбасадары ў Менску

11 верасьня 2025 году даверчыя лісты ўручыў Аляксандру Лукашэнку амбасадар Славаччыны Ёзаф Мігаш — адзіны амбасадар заходняй дзяржавы.

Летась Злучаныя Штаты вялі перамовы з афіцыйным Менскам аб вяртаньні амбасады, увесь склад якой быў адкліканы ў 2022 годзе, неўзабаве пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай. Пытаньне, ці прыход да ўлады ў Чэхіі ў 2025 годзе кабінэту Андрэя Бабіша спрычыніцца да прызначэньня амбасадара гэтай краіны ў Менску.

Пераважная большасьць экспэртаў, апытаных Свабодай, прадказала зьяўленьне сёлета ў Менску аднаго-двух амбасадараў заходніх краінаў.

Выбары ў Каардынацыйную Раду

4 сьнежня 2025 году Каардынацыйная рада (КР) 3-га скліканьня прызначыла дату выбараў у Каардынацыйную раду наступнага, 4-га скліканьня: выбары адбудуцца цягам трэцяга тыдня траўня 2026 году.

У онлайн-выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга скліканьня, якія прайшлі 25–27 траўня 2024 году, узялі ўдзел 6723 чалавекі.

Напрыканцы 2023 году мы папрасілі экспэртаў Свабоды даць прагноз гэтай яўкі. З 18-ці экспэртаў адзін назваў лічбу 250, двое — 5 тысячаў, яшчэ двое — 10 тысячаў. Астатнія 13 экспэртаў прадказвалі, што ў выбарах возьмуць удзел дзясяткі тысячаў беларусаў.

Сёлета з улікам досьведу папярэдніх выбараў у КР экспэрты былі значна больш сьціплымі ў прагнозах, іх ільвіная доля прадказала, што яўка будзе ў межах 10 тысячаў — прыкладна, як і ў 2024 годзе. Яўку ў 50 і болей тысячаў не прадказаў ніхто.

Расейская ядзерная зброя ў Беларусі

25 сакавіка 2023 году прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін абвясьціў, што Расея мае намер разьмясьціць у Беларусі расейскую тактычную ядзерную зброю (ТЯЗ).

Ужо ў чэрвені таго ж году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што частка ядзернай зброі, прызначаная для разьмяшчэньня ў Беларусі, ужо дастаўленая ў краіну.

16 чэрвеня 2023 году Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі на тэрыторыю Беларусі, а рэшту перамесьцяць «да канца лета або да канца году».

Аднак з тае пары ядзерную зброю, разьмешчаную ў Беларусі, ніводнага разу не прадэманстравалі. Заходнія ўрады і разьведкі не пацьвярджалі, хаця катэгарычна і не абвяргалі, знаходжаньне ў Беларусі расейскай ТЯЗ. Не знаходзілі месцаў разьмяшчэньня ў Беларусі гэтай зброі і журналісты-расьследнікі.

Пераважная большасьць экспэртаў, апытаных Свабодай, мяркуе, што такая ж сытуацыя няпэўнасьці захаваецца і ў 2026 годзе і ядзерную зброю ў Беларусі і сёлета не прадэманструюць, як не дэманстравалі апошнія два гады.

Адзін з экспэртаў гэтак патлумачыў свой адмоўны адказ: «Не, бо яе няма і ня будзе ў Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку няўтульна ў імпэрскім акопе побач з Пуціным. Класкоўскі і Вусаў пра вынікі году ў адносінах Масквы і Менску

***

Хто ўдзельнічаў у апытаньні Радыё Свабода аб прагнозах на 2026 год

40 экспэртаў былі апытаныя 28 лістапада — 15 сьнежня 2025 году мэтадам анкетаваньня. У апытаньні ўзялі ўдзел беларускія, амэрыканскія, нямецкія, францускія, польскія, расейскія і ўкраінскія экспэрты.

  • Рыгор Астапеня, доктар паліталёгіі, кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» Chatham House
  • Дзьмітры Балкунец, палітычны камэнтатар, грамадзкі дзеяч
  • Кацярына Дзяйкала, юрыстка, экспэртка ў міжнародным праве
  • Вадзім Дубноў, аглядальнік праекту Радыё Свабода «Эхо Кавказа»
  • Грыгоры Ёфэ, доктар геаграфічных навук, былы прафэсар Рэдфардзкага ўнівэрсітэту
  • Валер Кавалеўскі, кіраўнік Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, былы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў міжнародных справах
  • Андрэй Казакевіч, доктар паліталёгіі, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра»
  • Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік Радыё Свабода
  • Аляксандар Класкоўскі, палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк»
  • Каміль Клысіньскі, палітоляг, аналітык польскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў
  • Аляксандар Кныровіч, прадпрымальнік, вядоўца праграмы «Атмасфэра» на тэлеканале «Белсат»
  • Улад Кобец, дырэктар міжнароднай ініцыятывы iSANS
  • Генадзь Коршунаў, сацыёляг, старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў
  • Яўген Крыжаноўскі, доктар паліталёгіі, дасьледчык з Страсбурскага ўнівэрсытэту
  • Зьміцер Крук, эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC
  • Андрэй Лаўрухін, палітоляг, акадэмічны дырэктар Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Еўропы
  • Вольга Лойка, рэдактарка выданьня Plan B
  • Зьміцер Лукашук, рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі»
  • Леў Львоўскі, доктар эканамічных навук, акадэмічны дырэктар дасьледчага цэнтру BEROC
  • Яўген Магда, палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі
  • Вадзім Мажэйка, доктар культуралёгіі, палітычны аналітык, кіраўнік Інстытуту бясьпекавых даследаваньняў імя Касцюшкі
  • Андрэй Махоўскі, эканамічны аглядальнік, вядоўца праграмы «Оптимум» на YouTube-канале «Белорусы и рынок»
  • Аркадзь Мошэс, палітоляг, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў
  • Сяргей Навумчык, публіцыст, грамадзкі дзеяч
  • Міхал Патоцкі, палітычны аглядальнік, журналіст польскага выданьня Dziennik Gazeta Prawna
  • Аляксандар Пашкевіч, гісторык, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі
  • Антон Пянькоўскі, амэрыканіст, дарадца Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва
  • Антон Раднянкоў, старшыня Рады Цэнтру новых ідэяў
  • Яраслаў Раманчук, эканаміст, прэзыдэнт Міжнароднага інстытуту свабоды
  • Марына Рахлей, старэйшая супрацоўніца Нямецкага фонду Маршала
  • Пётра Рудкоўскі, філёзаф, палітычны аналітык
  • Леся Руднік, паліталягіня, дырэктарка Цэнтру новых ідэяў
  • Максім Самарукаў, палітоляг, навуковы супрацоўнік Бэрлінскага цэнтру Карнэгі па вывучэньні Расеі і Эўразіі
  • Яўгенія Сугак, журналістка, аўтарка грамадзка-палітычных Youtube-праектаў «Мне тоже не нравится» i «Часики тикают»
  • Леанід Судаленка, праваабаронца
  • Роза Турарбекава, кандыдатка гістарычных навук, паліталягіня
  • Аляксандар Фрыдман, гісторык, палітычны аналітык
  • Павал Церашковіч, гісторык, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у адукацыі і навуцы
  • Віталь Цыганкоў, журналіст, вядучы праграмы «Двубой» на Белсаце
  • Руслан Шошын, журналіст польскай газэты Rzeczpospolita