«Можа, шмат каму прымільгаліся ўжо»
Заяўкі на збор падалі бацькі 269 дзяцей, расказаў Свабодзе прадстаўнік фонду BySol Зьміцер Ягораў. Прыём заявак закрылі толькі на мінулых выходных. На кожнае дзіця плянуюць сабраць, як і звычайна, па 100 эўра. Сярод заяўнікаў ёсьць беларусы, якія знаходзяцца ў Беларусі і за мяжой.
Па стане на 22 сьнежня людзі ахвяравалі 13,5 тысяч эўра — гэта сума для 135 дзяцей, то бок для паловы ад усіх жадаючых.
«Мы вельмі рады, што экстраны збор (на апошнюю групу вызваленых палітвязьняў, калі за некалькі дзён сабралі ўдвая больш за патрэбную суму. — РС) пайшоў так хутка і добра. Шкада, што ня ўсе зборы так ідуць. Але гэта рэчаіснасьць», — мяркуе прадстаўнік BySol.
Зьміцер Ягораў, архіўны здымак
Ён дадае, што дзіцячыя зборы не зьбіраюцца так хутка, бо, магчыма, ужо не выклікаюць столькі эмоцый. Фонд ладзіць іх тройчы на год, зь 2021 году: перад пачаткам навучальнага году, на Каляды і перад летнімі вакацыямі.
«Яны цыклічныя, паўтараюцца, можа, шмат каму прымільгаліся ўжо. Але мы не губляем надзеі, што будзе атрымлівацца іх зьбіраць», — кажа Ягораў.
Суразмоўца адзначае, што дзіцячы збор ідзе сваёй дынамікай, як з году ў год.
«Што мы адчуваем з гэтай нагоды? Нельга сказаць, што мы супрацьпастаўляем гэтыя зборы (на вызваленых палітвязьняў і на дзяцей палітвязьняў. — РС) адзін адному, што той так хутка пайшоў і гэта файна, а гэты ня так хутка і гэта кепска і несправядліва. Не, мы так ня думаем. Мы хутчэй знаходзім нагоду парадавацца, што экстраны збор хутка сабраўся», — кажа Зьміцер Ягораў.
«Няма ніякай гарантыі, што мы яго зьбярэм»
Калі ўсю суму ня здолеюць сабраць да канца тэрміну, фонд будзе зьвяртацца да беларускіх дыяспараў за мяжой, прыватных донараў, якія могуць ахвяраваць большыя сумы. Аднак, адзначае Ягораў, бадай што ўпершыню традыцыйны дзіцячы збор могуць не закрыць цалкам. У такім выпадку грошы выплацяць ня ўсім дзецям — а толькі тым, хто падаў заяўкі раней.
«Няма ніякай гарантыі, што мы яго зьбярэм. У папярэдні год нам дапамагаў Міжнародны гуманітарны фонд з гэтым зборам. Мы пакуль ня ведаем, ці будзе ў гэтым годзе так, ці ў фондзе ёсьць грошы, ці будзе нашая заяўка пазытыўна разгледжаная… Тое, што мы можам зрабіць у гэтай сытуацыі, — гэта ўзгадваць у гаворках з журналістамі, у сваіх сацыяльных сетках», — тлумачыць Ягораў.
Ілюстрацыйнае фота
Пасьля скандалу з харасмэнтам былога кіраўніка фонда BySol Андрэя Стрыжака сёлета ўвосень Міжнародны гуманітарны фонд і іншыя партнэры BySol заявілі, што спыняюць зь імі супрацоўніцтва. Аднак, калі Стрыжак сышоў з фонду, сказалі, што адновяць партнэрства.
Калядны збор будзе ісьці да 10 студзеня.
«Я хацеў бы заклікаць данаціць. Кожная капейчына мае вялікае значэньне. Па тых водгуках, якія да нас прыходзяць ад тых, хто атрымлівае гэтую дапамогу, гэты збор важны і патрэбны. Вельмі часта для людзей гэта магчымасьць падарыць дзіцяці штосьці больш за цукерку, такі невялічкі цуд зрабіць. Будзем цяпер старацца закрыць максымальную колькасьць, а можа будзе цуд і зьбяром усё!», — расказвае прадстаўнік фонду.
Грошы выплачваюць паступова, як толькі ёсьць сума на некалькі чалавек, а не чакаюць, ажно зьбярэцца ўся сума, патлумачыў Ягораў.
Лапляндыя, цішотка Real Madrid і брэлок з капібарай
Сёлета BySol папрасіў бацькоў запісаць калядныя чаканьні іхніх дзяцей. Аказалася, найчасьцей дзеці хочуць атрымаць у падарунак тэлефоны, пляншэты і іншыя гаджэты. Сярод чаканых сюрпрызаў таксама канструктары Lego.
Хтосьці зь дзяцей палітзняволеных хоча паехаць у Лапляндыю і ў спартовы лягер на вакацыі, нехта марыць пра дзіцячую чыгунку і квадрацыкл. Ёсьць у калядным сьпісе пажаданьняў ровары, самакаты, цішотка Real Madrid, дом для лялек і брэлок з капібарай. Дзеці, якія займаюцца спортам, просяць пра грушу для кікбоксінгу, канькі і хатні турнік з гантэлямі.
«Хачу сапраўдную гітару, надзьмуханы пуфік і чупа-чупс», — напісала адно зь дзяцей.
Ёсьць і жаданьні, у якіх збор BySol наўрад ці дапаможа: «Дзеці мараць, каб тата быў побач».