З 1 студзеня 2026 году індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць толькі гандляваць друкаванымі выданьнямі, але не выпускаць іх

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі з новага году зьменіцца парадак выданьня і распаўсюду друкаваных выданьняў.

З 1 студзеня 2026 году індывідуальным прадпрымальнікам ня будзе дазволена займацца выдавецкай дзейнасьцю. У адмысловым пераліку дзейнасьці, дазволенай індывідуальным прадпрымальнікам у Беларусі, выдавецкай дзейнасьці ўжо няма, паведаміла Міністэрства інфармацыі на сваім сайце.

Да 31 сьнежня 2025 году індывідуальныя прадпрымальнікі, зарэгістраваныя ў якасьці выдаўцоў друкаваных выданьняў ў Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаваных выданьняў, маюць права задарма замяніць сваё пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасьці выдаўца друкаваных выданьняў, калі яны заснуюць у прадугледжаным парадку камэрцыйную арганізацыю, заснаваную адным чалавекам.

Для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія распаўсюджваюць друкаваных выданьняў, з 1 студзеня 2026 году дазваляецца толькі распаўсюд такіх выданьняў у раздроб.

Зьвярніце ўвагу, што індывідуальныя прадпрымальнікі, зарэгістраваныя ў Дзяржаўным рэестры ў якасьці распаўсюднікаў друкаваных выданьняў, якія займаюцца гуртавым гандлем і не стварылі камэрцыйнай арганізацыі, заснаванай адным чалавекам, павінны накіраваць просьбу ў Міністэрства інфармацыі аб зьменах у Дзяржаўны рэестар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы рыхтуюць да друку непадцэнзурную вэрсію раману «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Cамая поўная беларуская кулінарная кніга па-ангельску», — заснавальніца выдавецтва Grunwald пра выданьне The Belarusian Cookbook