Атлеты змогуць выступаць у нэўтральным статусе, прычым допуск распаўсюджваецца і на камандныя дысцыпліны.
Інфармацыю пра гэта пацьвердзіў прэзыдэнт Расейскай фэдэрацыі стральбы з луку (РФСЛ) Зарыгта Манханаў.
«Выканкам зацьвердзіў рэкамэндацыю Міжнароднага алімпійскага камітэту, якая дазваляе спартоўцам ва ўзроставай катэгорыі U-21 і маладзейшым выступаць на міжнародных спаборніцтвах без абмежаваньняў, але ў нэўтральным статусе, без нацыянальнай сымболікі (строі, сьцяг, гімн)», — напісаў Манханаў у Telegram-канале, заўважыла «Трыбуна».
На мінулым тыдні Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) на сваім зьезьдзе 11 сьнежня зьняў забарону на правядзеньне міжнародных спаборніцтваў у Беларусі.
На тым самым зьезьдзе вырашылі, што юным спартоўцам як зь Беларусі, так і з Расеі цяпер можна будзе ўдзельнічаць у міжнародных юнацкіх спаборніцтвах і ў індывідуальных, і ў камандных відах спорту. Сярод іншага — у юнацкіх Алімпійскіх гульнях «Дакар — 2026».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: FIDE аднаўляе ўдзел каманд Расеі і Беларусі ў афіцыйных шахматных спаборніцтвах