Міжнародная шахматная фэдэрацыя (FIDE) прагаласавала за дазвол камандам з Расеі і Беларусі вярнуцца да афіцыйных спаборніцтваў і цалкам аднавіла правы маладых гульцоў з абедзьвюх краін, адклаўшы канчатковае рашэньне аб выкарыстаньні нацыянальных сьцягоў і гімнаў у спаборніцтвах дарослых каманд, піша Reuters.
Генэральная Асамблея FIDE, якая прайшла ў анлайн-фармаце ў нядзелю 14 сьнежня позна ўвечары, прыняла дзьве асобныя рэзалюцыі — адну прапанаваную Расейскай шахматнай фэдэрацыяй, а другую — Радай FIDE — абедзьве спасылаюцца на рэкамэндацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) аб доступе да спорту і палітычнай нэйтральнасьці.
Праект рэзалюцыі, прадстаўлены Расеяй заклікаў да неадкладнага аднаўленьня дзяржаўных сымбаляў, была ўхваленая 61 голасам «за», 51 «супраць», 14 устрымалася. Асобная рэзалюцыя, прапанаваная Радай FIDE, была прынята большай перавагай — 69 галасоў «супраць» і 40 «супраць», 15 устрымалася.
У выніку Рада FIDE заявіла, што неадкладна рэалізуе пункты кансэнсусу паміж двума тэкстамі ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі МАК. Гэта азначае, што каманды з Расеі і Беларусі цяпер дапушчаныя да афіцыйных турніраў FIDE, абмежаваньні на правядзеньне спаборніцтваў у Беларусі былі зьнятыя, а поўнае выкарыстаньне нацыянальных сымбаляў будзе дазволенае ў юнацкіх і юніёрскіх спаборніцтвах.
Асноўнае нявырашанае пытаньне тычыцца спаборніцтваў дарослых каманд. Згодна з рэзалюцыяй Рады, дарослыя каманды ў цяперашні час павінны спаборнічаць пад нейтральнай сымболікай да далейшых кансультацый з МАК.
Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе расейскім і беларускім спартсмэнам было забаронена або абмежавана ўдзельнічаць у многіх міжнародных відах спорту, і МАК нядаўна апублікаваў абноўленыя рэкамэндацыі адносна ўдзелу спартсмэнаў з дзьвюх краін, асабліва на моладзевым узроўні.
Форум