Максім Знак прасьпяваў разам з Вольскім сваю песьню і наведаў спэктакль «Зэкамэрон»

19 сьнежня вызвалены палітвязень Максім Знак наведаў паказ спэктакля «Зэкамерон», пастаўлены паводле ягонай кнігі «Вольнымі Купалаўцамі». На фота Сяргей Чуб, Максім Знак, Алег Гарбуз, Уладзімер Пугач.

У суботу на фінальным канцэрце каляднага тура Лявона Вольскага ў Варшаве на сцэну выйшаў былы палітвязень Максім Знак.

«Пяць гадоў таму Лявон Вольскі прасьпяваў песьню Максіма Знака „Лятучы галяндэц“ на знак падтрымкі, калі Максіма зьняволілі. Сёньня ў Варшаве яны засьпявалі разам на адной сцэне. Яшчэ адзін Цуд на Каляды», напісала прадусарка і жонка Лявона Яна Вольская ў Фэйсбуку.

19 сьнежня вызвалены палітвязень Максім Знак наведаў паказ спэктакля «Зэкамерон», пастаўлены паводле ягонай кнігі «Вольнымі Купалаўцамі». Сустрэча адбылася ў варшаўскім Teatr Dramatyczny (Scena Przodownik).

Кніга «Зэкамерон» — гэта сто навэл пра турэмны побыт, напісаных Максімам Знакам у зьняволеньні як сродак захаваньня годнасьці і розуму. Пакуль аўтар быў у ізаляцыі, гэтыя тэксты сталі асновай для пастаноўкі «Вольных Купалаўцаў». У пятніцу Максім упершыню змог убачыць сваіх герояў з залі як вольны чалавек.

Пасьля завяршэньня спэктакля пісьменьнік і юрыст выйшаў на сцэну да актораў. Гледачы сустрэлі аўтара авацыяй стоячы. У спэктаклі паводле «Зэкамерон» Максіма Знака граюць акторы Алег Гарбуз, Уладзімер Пугач, Сяргей Чуб. Рэжысэр пастаноўкі — Войцэх Урбаньскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раман «Зэкамерон» палітвязьня Максіма Знака ўвайшоў у шорт-ліст брытанскай літаратурнай прэміі