Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раман «Зэкамерон» палітвязьня Максіма Знака ўвайшоў у шорт-ліст брытанскай літаратурнай прэміі


Максім Знак і ягоная кніга «Зэкамэрон» у перакладзе на ангельскую. Каляж з сайту bellit.info
Максім Знак і ягоная кніга «Зэкамэрон» у перакладзе на ангельскую. Каляж з сайту bellit.info

Прэмія Рэспублікі Сьвядомасьці (Republic of Consciousness Prize), якая штогод узнагароджвае мастацкую літаратуру, выдадзеную невялікімі выдавецтвамі Вялікай Брытаніі і Ірляндыі, абвясьціла кароткі сьпіс 2024. У пяцёрку найлепшых увайшоў дакумэнтальны раман беларускага палітвязьня Максіма Знака, заўважыла bellit.info.

У перакладзе Джыма і Элы Дынглі «Зэкамэрон» выйшаў у выдавецтве Scotland Street Press.

Анатацыя на сайце прэміі паведамляе:

«100 апавяданьняў у „Зэкамэроне“ заснаваныя на „Дэкамэроне“ XIV стагодзьдзя, але Максім Знак бліжэйшы да Бэкета, чым да Бакача. Банальнасьць і жорсткасьць супернічаюць са здольнасьцю чалавека трываць прыгнёт. Рознагалосыя гісторыі Знака складаюць 100 дзён зьняволеньня ў беларускай турме. Ляканічна, іранічна; сухі гумар. Гэтыя гісторыі сьведчаць пра супраціў і самасьцьвярджэньне, а таксама пра шчырую цеплыню і ўдзячнасьць таварышам-вязьням. Гэтыя апавяданьні Знак пісаў у зьняволеньні, але потым яны змаглі трапіць за сьцены турмы».

«Падманліва лёгкія, але моцныя гісторыі зьняволенага беларускага юрыста і актывіста. Сапраўды важная кніга», — рэзюмуе журы прэміі.

Максім Знак — адвакат, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады і яе прэзыдыюму. 6 верасьня 2021 году Менскім абласным судом прызнаны вінаватым «у змове, зьдзейсьненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэньні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем, а таксама ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады і іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту».

Атрымаў 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У зьняволеньні Максім Знак напісаў ужо тры кнігі. Яго кніга «Зэкамэрон» увайшла стала адным зь пераможцаў беларускай літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес», а пераклад кнігі на ангельскую трапіў у лік 15 кніг, уганараваных прэміяй Ангельскага ПЭНу PEN Translates за найлепшы пераклад году.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG