Аб’ект «Участак». Што насамрэч будуюць на былой ракетнай базе пад Слуцкам паводле сакрэтнага распараджэньня Лукашэнкі

У Слуцкім раёне Менскай вобласьці на месцы былой савецкай ракетнай базы ўжо амаль паўтары году вядзецца будаўніцтва маштабнага закрытага комплексу, які ў афіцыйных дакумэнтах ня мае ні назвы, ні пазначанага прызначэньня. Праект рэалізуецца на падставе сакрэтнага распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі, а маштабы і інфраструктура робяць яго адной з найбуйнейшых будоўляў вайсковага характару ў Беларусі.

19 студзеня падчас Усебеларускага народнага сходу Аляксандар Лукашэнка публічна адрэагаваў на расьсьледаваньне Свабоды, падрыхтаванае ў верасьні ў супрацы з украінскай камандай «Схемы» і эстонскімі выданьнямі Delfi Estonia і Eesti Ekspress. У матэрыяле ўдалося раскрыць пачатковую стадыю будаўніцтва невядомага сакрэтнага вайсковага аб’екта ў Слуцкім раёне каля вёскі Паўлаўка і аграгарадку Вежы — на месцы былога савецкага вайсковага гарадка 306-га ракетнага палку стратэгічнага прызначэньня.

На падставе аналізу спадарожнікавых здымкаў апытаныя Свабодай вайсковыя экспэрты тады выказалі вэрсію, што новы аб’ект дакладна мае важнае значэньне для ўладаў Беларусі, і нават можа быць прыдатны для разьмяшчэньня расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік» («Орешник»), аднак падкрэсьлілі, што дакладнае канчатковае прызначэньне аб’екта пакуль немагчыма вызначыць.

Лукашэнка, выступаючы на УНС, казаў дакладна пра гэты аб’ект — ён заявіў, што інфармацыя пра разьмяшчэньне «Арэшніку» у Слуцкім раёне не адпавядае рэчаіснасьці.

«Сёньня прачытаў: нашы ачумелыя за мяжой заявілі, што недзе ў раёне Слуцку мы разьмясьцілі „Арэшнік“. Гэта поўная брахня. Ні ў якім Слуцку мы „Арэшнік“ не разьмяшчалі. Разьмясьцілі там, дзе больш выгадна, але я пра гэта казаць ня буду», — сказаў ён.

Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка не ўдакладніў, якое менавіта прызначэньне мае знойдзены журналістамі аб’ект, які, аднак, можа прэтэндаваць на званьне самай вялікай будоўлі вайсковага прызначэньня ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта поўная брахня!» Лукашэнка адрэагаваў на расьсьледаваньне Свабоды пра дысьлякацыю расейскага «Арэшніку»

Аб’ект «Участак»

Свабода атрымала дакумэнты, на падставе якіх можна сьцьвярджаць, што будаўніцтва ў Слуцкім раёне распачатае на падставе сакрэтнага распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі ад 2 лістапада 2023 года № 181 рп-с (дадатковая літара «с» можа азначаць менавіта сакрэтны фармат распараджэньня). Выкананьне працаў пры гэтым загадана весьці без афармленьня зямельна-кадастравай дакумэнтацыі і дадатковых узгадненьняў аб выдзяленьні зямельных надзелаў, што маюць сельскагаспадарчае прызначэньне, а таксама зямель зь ліку ляснога фонду.

Пра тое, што там будуецца, ніхто не даведаецца, пакуль ня скончацца працы

Свабода мае сьведчаньні мясцовых жыхароў і людзей, якія працавалі на будоўлі. Яны апісваюць аб’ект як строга закрыты і маштабны. «Быў я на будоўлі і размаўляў з людзьмі. Пра тое, што там будуецца, ніхто не даведаецца, пакуль ня скончацца працы», — кажа адзін з будаўнікоў. Мясцовы жыхар дадае: «Жыву непадалёк, і будуюць яны гэта ўсё вельмі актыўна».

Пры гэтым некаторыя суразмоўцы агучваюць і ўласныя здагадкі. «Сёньня размаўляў з сэрвіснай службай па кранах: у тым раёне павінен будавацца завод па вытворчасьці дронаў. Там шмат кранаў, ім работы шмат», — кажа адзін з іх, падкрэсьліваючы, што гаворка ідзе пра неафіцыйную інфармацыю. Яшчэ адзін суразмоўца апісвае маштаб будоўлі так: «Я на адным будынку налічыў 18 кранаў. І гэта толькі на адным».

Агульны выгляд месца будаўніцтва. Здымак Planet Labs 25 верасьня 2025 года. Аб’ект мае чатыры асобныя часткі — асноўную і тры амаль роўныя па плошчы паміж сабою побач. Усе яны злучаюцца новапабудаванымі дарогамі.

Як пісала раней Свабода, месца, дзе ідзе будоўля, мае вайсковае мінулае. Менавіта ў гэтых лясах з канца 1959 да 1993 года разьмяшчаўся вайсковы гарадок слуцкага 306-га ракетнага палку стратэгічнага прызначэньня. Ракеты, якія знаходзіліся тут у савецкі час, несьлі пагрозу спачатку ўсёй Эўропе, а пазьней і Злучаным Штатам Амэрыкі. Пасьля развалу СССР, аб’ект прыйшоў у занядбаньне. Але тут яшчэ заставаліся некаторыя фартыфікацыі, стартавыя пляцоўкі ракет, шахты, бункеры, ангары і іншыя вайсковыя збудаваньні.

Прыкладна зь вясны 2024 года тэрыторыю былой вайсковай базы распачалі «асвойваць» па-новаму. Спачатку сюды прыехалі сапёры супрацьміннага цэнтру Ўзброеных Сілаў для расчысткі тэрыторыі ад снарадаў. Працы доўжыліся амаль усю вясну і скончыліся толькі 7 чэрвеня 2024 года.

З 16 чэрвеня 2024 года на спадарожнікавых здымках бачна, што тут пачалася расчыстка тэрыторыі ад лесу і земляныя работы. У сьнежні 2024 года — падвод і рэканструкцыя ў акрузе электрычных камунікацый з пабудовай новых падстанцый.

У праектнай дакумэнтацыі не раскрываецца ні афіцыйная назва аб’екта, ні яго прызначэньні або канчатковы карыстальнік. Часьцей за ўсё гэтае месца пазначанае як «Будаўнічы аб’ект „Участак“» ці проста ўказана «аб’ект паблізу аграгарадка Вежы» — бліжэйшага населенага пункту.

«Будаўнічым аб’ектам „Участак“» называлі яго і ў дакумэнтах слуцкага выканаўчага камітэта, калі летам 2025 года туды выяжджала камісія па ахове працы з прычыны выпадка са сьмерцю рабочага ад падзеньня пад’ёмнага крану. Якраз на 2025 год прыпаў самы актыўны пэрыяд будаўніцтва. За гэты час плошча забудовы склала больш за 2 квадратныя кілямэтры. Гэта каля 280 футбольных палёў.

На спадарожнікавых здымках сэрвісу Planet Labs, што атрымала Свабода за 2025 год, бачна, што аб’ект бадаўніцтва мае чатыры асобныя часткі — асноўную і тры амаль роўныя па плошчы паміж сабою побач. Усе яны злучаюцца новапабудаванымі дарогамі.

У заходняй часты аб’екта высеклі больш за квадратны кілямэтар лесу і ўзьвялі 13 складоў боепрыпасаў памерам 30 на 20 мэтраў, акружаных абарончымі сьценамі.

На спадарожнікавым здымку 18 сьнежня 2025 году бачна, што тут таксама пабудавалі тры ангары даўжынёй 100 мэтраў, заклалі падмуркі рознага кшталту будынкаў, адзін зь іх у форме літары «П» даўжынёй амаль 270 мэтраў, а таксама 6 невялікіх ангараў, прыхаваных абарончымі землянымі насыпамі. Усе гэтыя пабудовы злучае сетка аўтамабільных дарог, на большасьці зь якіх ужо ляжыць асфальт.

Заходні, самы буйны ўчастак будаўніцтва вайсковага аб’екту на спадарожнікавым здымку 18 сьнежня 2025 году. Абведзеныя склады боепрыпасаў і невялікія ангары з абарончымі землянымі насыпамі.

Паўночны ўчастак будаўніцтва каля вёскі Паўлаўка разьмешчаны на землях, якія яшчэ летась былі задзейнічаныя ў сельскай гаспадарцы. У сьнежні 2025 года тут відаць 8 каркасаў будынкаў, падобных да ангараў разам з абарончымі землянымі валамі.

Паўночны ўчастак будаўніцтва вайсковага аб’екту на спадарожнікавым здымку 18 сьнежня 2025 году. Абведзеныя 8 каркасаў будынкаў, падобных на ангары разам з абарончымі землянымі валамі.

На паўднёва-усходнім участку будаўніцтва бачны каркас будынка даўжынёй амаль 150 мэтраў, каля 8 невялікіх збудаваньняў абароненых землянымі насыпамі. На дарогах, якія вядуць усярэдзіну гэтага ўчастка, узводзяцца будынкі, падобныя да кантрольна-прапускных пунктаў.

Паўднёва-усходні ўчастак будаўніцтва вайсковага аб’екту на спадарожнікавым здымку 25 верасьня 2025 года.

З дакумэнтаў, якія атрымала Свабода, вынікае, што для вайсковага аб’екта будуецца ўласная сыстэма водазабесьпячэньня з трыма артэзіянскімі сьвідравінамі. Закупляецца абсталяваньне для падачы, захоўваньня і ачысткі вады, у тым ліку рэзэрвуары чыстай вады і матэрыялы для абезжалезваньня. Паводле апісаньняў вытворцаў, такое абсталяваньне выкарыстоўваецца на буйных прамысловых аб’ектах з пастаяннай патрэбай у вадзе.

Пабудова вайсковай вытворчасьці пад гарантыю Савета Міністраў

Пра тое, што, што на тэрыторыі плянуецца арганізаваць вайсковую вытворчасьць, можа сьведчыць наяўнасьць у апісаньні дзяржаўных тэндэраў такіх аб’ектаў як «вытворчы будынак з адміністрацыйна-бытавым комлексам 1.1», «вытворчы будынак 2.1», «склад А2.3-А2.4, К2.1-К2.2», «склад сыравіны і камплектуючых А1.9-А1.14». Таксама тут заплянаваная пабудова «маналітных збудаваньняў грамадзянскай абароны № 3», асобнага пажарнага дэпо, будынка сталовай і кацельнай. Для аднаго з вытворчых карпусоў патрабуецца ўладкаваньне «прамысловай падлогі» на плошчы амаль 1,2 тысячы квадратных мэтраў.

Працы на аб’екце вядуць адразу некалькі будаўнічых арганізацый. Сярод іх — «Стройтрэст № 3» з Салігорску. На сьнежань 2025 года на сайце дзяржаўных тэндараў яны замовілі два аўтобусы для перавозкі 105 працаўнікоў па маршруце «Салігорск — аграгарадок Вежы (аб’ект „Участак“)», таксама ўказалі пра неабходнасьць у вялікай колькасьці субпадрадчыкаў.

Працы на аб’екце суправаджаюцца ўзмоцненым рэжымам канфідэнцыйнасьці. Згодна з дакумэнтамі «Стройтрэста № 3», уся тэхнічная і конкурсная дакумэнтацыя для патэнцыйных субпадрадчыкаў перадаецца толькі пасьля падпісаньня асобнага пагадненьня аб неразгалошваньні. Матэрыялы выдаюцца не ў адкрытым выглядзе, а на электронным носьбіце, які падлягае абавязковай рэгістрацыі ў службе бясьпекі прадпрыемства. Без падпісанага пагадненьня аб канфідэнцыйнасьці ўдзельнікі ня маюць доступу ні да ўмоваў, ні да праектных матэрыялаў. Пры гэтым зацьвярджэньне субпадрадных арганізацый адбываецца пры ўдзеле «спэцыяліста па экстрэмісцкай і эканамічнай бясьпецы» «Стройтрэста № 3» Аляксея Капачэні, што зафіксавана ва ўнутраных распараджэньнях прадпрыемства ад 6 лютага 2025 года.

Кошт некаторых замоваў на субпадрад ад «Стройтрэста № 3» дасягаюць амаль 3 мільёнаў беларускіх рублёў (каля 900 тысяч даляраў). І такіх замоваў амаль два дзесяткі.

Як і ў абсалютнай большасьці іншых дзяржаўных установаў, што будуюць на аб’екце ў Слуцкім раёне, крыніцы такіх вялікіх фінансавых укладаньняў пазначаныя не бюджэтныя, а ўласныя сродкі арганізацый. У «Стройтрэста № 3» — таксама, праўда, уласныя сродкі ў іх дакумэнтах падаюцца больш канкрэтна: крэдытныя рэсурсы ААТ «Белінвэстбанк» пад гарантыю Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Як вынікае з дакумэнтаў, атрыманых Свабодай, да красавіка 2026 года на аб’ект «Участак» павінны завезьці першае тэхналягічнае абсталяваньне. Аднак нават на гэтым этапе ні афіцыйная назва комплексу, ні яго канчатковае прызначэньне, ні арганізацыя, якая будзе ім карыстацца, у публічных дакумэнтах так і не былі раскрытыя. Будаўніцтва аднаго з самых маштабных закрытых аб’ектаў у краіне працягваецца без публічных тлумачэньняў. Аднак нэрвовая рэакцыя Лукашэнкі можа ўскосна пацьвярджаць стратэгічную важнасьць аб’екту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 60 кілямэтраў ад Менску будуюць сакрэтную вайсковую базу. Спадарожнікавыя здымкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія райвыканкамы закупляюць дэтэктары і глушылкі дронаў. Хто і колькі? МАПА