Сьцісла
- Лукашэнка змог «прадаць» сябе амэрыканцам як вялікага знаўцу пуцінскай душы і ўладальніка чароўных ключыкаў да гэтай душы.
- Паглыбленьню інтэграцыйных пытаньняў Лукашэнка процістаяць асабліва ня можа.
- Але нават у гэтых умовах спрабуе пашырыць сабе калідор для вонкавапалітычнага й эканамічнага манэўру.
- Адзінай сілай, на якую ён можа абаперціся ў вырашэньні пытаньняў захаваньня незалежнасьці, — гэта Кітай.
- Калі б Расея зьдзейсьніла вайсковую інтэрвэнцыю, ніхто б на Захадзе і пальцам не паварушыў бы, каб абараніць Лукашэнку.
Якія асноўныя падзеі і тэндэнцыі назіраліся ў 2025 годзе ў беларуска-расейскіх адносінах? Ці паглыбілася залежнасьць Менску ад Расеі? Наколькі паўплывалі на сытуацыю перамовы Лукашэнкі з ЗША? На гэтыя пытаньні Свабоды адказалі палітычны камэнтатар Павал Вусаў і аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі.
«У 2025 годзе падпісалі дамовы, што павялічылі залежнасьць Беларусі ад Расеі»
— Якія галоўныя падзеі і тэндэнцыі ў адносінах Беларусі і Расеі можна адзначыць па вынікаў 2025 году?
Вусаў: Калі мы кажам пра пашырэньне прысутнасьці Расеі ў Беларусі, то трэба адзначыць паглыбленьне кірункаў стратэгічнай і геапалітычнай супрацы. Гэта перш за ўсё пытаньні разьмяшчэньня расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, але ўжо зьяўляліся ў сьнежні паведамленьні, што можа зьявіцца і стратэгічная ядзерная зброя.
Павал Вусаў
Усё гэта, канешне, стварае даволі сур’ёзныя праблемы суб’ектнасьці Беларусі ў геапалітычным і стратэгічным пляне. Гэтыя працэсы паглыбляюцца тым, што задэкляравана пабудова на тэрыторыі Беларусі другой атамнай электрастанцыі. «Росатом» заявіў, што нібыта ў 2026 годзе ўжо павінна адбыцца будаўніцтва трэцяга блёка на Астравецкай АЭС. І пад гэта выдзеленыя дадаткова крэдыты, што таксама зьяўляецца фактам паглыбленьня залежнасьці — у вайсковым, і не ў вайсковым пляне.
Наступнае, на што б я зьвярнуў увагу — гэта падпісаньне шэрагу дамоўленасьцяў. Перш за ўсё, гэта ратыфікацыя ваеннай дактрыны «Саюзай дзяржавы». Зь ёй насіліся, калі не памыляюся, з 2018 году. Падпісаная яна была ў 2021 годзе, потым дадаваліся абнаўленьні і ўрэшце рэшт яе сёлета ратыфікавалі. І ў дадатак падпісалі пагадненьне пра гарантыі бясьпекі, у якім упісалі, што Расея можа выкарыстаць ядзерную зброю дзеля абароны сувэрэнітэту Беларусі. То бок, Беларусь, па сутнасьці, атрымала статус стратэгічнай тэрыторыі, якую Расея можа абараніць з выкарыстаньнем нават ядзернай зброі.
І ў працяг гэтых працэсаў восеньню была падпісаная дадатковая ўмова пра вайскова-стратэгічную супрацу зь Беларусьсю да 2030 году. Яна азначае абнаўленьне інфраструктуры і лягістыкі для расейскага войска на тэрыторыі Беларусі, бо згодна з дамоўленасьцямі, Расея атрымала права разьмяшчаць ужо афіцыйна вайсковыя базы на тэрыторыі Беларусі.
Класкоўскі: У 2025 годзе Лукашэнка падгульваў Пуціну ва ўсіх ягоных геапалітычных і ваенных гульнях — у прыватнасьці, гэта тычыцца разьмяшчэньня ядзернай зброі, «Арэшніка». Менск прымаў чынны ўдзел у гібрыднай вайне, каб напалохаць найперш Эўропу, каб тая меней дапамагала Ўкраіне.
Аляксандар Класкоўскі
Але зь іншага боку, карыстаючыся тым, што ён часта сустракаецца з Пуціным, Лукашэнка змог сябе «прадаць» амэрыканцам як вялікага знаўцу пуцінскай душы і ўладальніка нейкіх чароўных ключыкаў да гэтай душы. Ва ўсякім разе так каманда Дональда Трампа тлумачыла сваю цікавасьць да беларускага трэку, які цяпер актыўна разгортваецца.
Гэты працэс заслугоўвае ўвагі, таму што Лукашэнка, здавалася б, пасьля 2020-га і асабліва 2022 году настолькі аказаўся ў залежнасьці ад Масквы, што ўжо ня рыпаецца. А тут мы бачым, што ён выяўляе незвычайны спрыт, нават у гэтых умовах спрабуе пашырыць сабе калідор для вонкавапалітычнага й эканамічнага манэўру. Так што гэтаму геапалітычнаму спрыту, уменьню лявіраваць варта аддаць належнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды» з Маркам Фейгіным: Ці ўдасца Трампу вырваць Лукашэнку ад Пуціна— Пасьля 2020-га і асабліва 2022 году кардынальна ўзрасла ступень эканамічнай і ваеннай-палітычнай залежнасьці Менску ад Масквы. Магчыма, Лукашэнка адчувае, што залежнасьць занадта вялікая, але нічога ня можа зрабіць? Ён застаецца добраахвотным партнэрам усіх гэтых пагадненьняў альбо яго ўжо не пытаюцца? Ці ён спрабуе супраціўляцца, абараняючы сваю ўладу над Беларусьсю?
Вусаў: Ён супраціўляецца, у некаторых аспэктах намагаецца ўтрымліваць дыстанцыю. Перш за ўсё гэта зьвязана з тым, што Беларусь непасрэдна не ўцягнулася ў вайну з Украінай. Хаця былі даволі гарачыя моманты, калі беларускія войскі ў той ці іншай ступені маглі быць задзейнічаныя, у тым ліку з прычыны правядзеньня вучэньняў «Захад-2025».
Тое, што беларускія войскі афіцыйна не ўвайшлі ва Ўкраіну й не бралі ўдзел у агрэсіі супраць Расеі, зьяўляецца знакавым для Лукашэнкі і падкрэсьлівае ягоную суб’ектнасьць. Таксама Беларусь перастала быць пляцдармам рэгулярных атак са сваёй тэрыторыі, што адбылося яшчэ ў 2022 годзе. Тады Расея вывела з тэрыторыі Беларусі сваю авіяцыю, часткі, якія прымалі ўдзел у агрэсіўных дзеяньнях супраць Украіны.
На сёньня Беларусь не нясе пагрозы для Ўкраіны, хаця гэта не азначае, што яна ня будзе такой пагрозай у будучыні.
Другі момант — Лукашэнка публічна, адкрыта на сустрэчах заўсёды падкрэсьліваў, што ваяваць Беларусь ня будзе, гэта не ў яе інтарэсах. І ў Беларусі ніхто ня хоча вайны. Гэта ён выкарыстаў у палітычным аспэкце, разумеючы, што для яго ўдзел у вайне гэта палітычная сьмерць.
Той факт, што ён намагаўся нейкім чынам устрымацца ад агрэсіўных дзеяньняў, асабліва пасьля 2022 году, сьведчыць, што Лукашэнка не пакідаў надзею на паляпшэньне адносінаў з Захадам. І тады фактар няўдзелу ў вайне Беларусі можа стаць важным козырам у такіх размовах. Як мы бачым, даволі пасьпяхова для Лукашэнкі гэта адбываецца ў кантэксьце адносінаў з ЗША.
Прарасейская група сярод сілавікоў, асабліва ў атачэньні Лукашэнкі, вельмі моцная
Што тычыцца іншых пытаньняў, пашырэньня расейскай прысутнасьці, паглыбленьня інтэграцыйных справаў, то, канешне, Лукашэнка гэтаму процістаяць асабліва ня можа. Залежнасьць усё ж такі вялікая, як і прысутнасьць расейскіх спэцслужб на тэрыторыі Беларусі. Прарасейская група сярод сілавікоў, асабліва ў атачэньні Лукашэнкі, вельмі моцная. І мы ня бачым вяртаньня нават да нейкай мяккай беларусізацыі, хаця б процістаяньня агрэсіўным элемэнтам прасоўваньня расейскай культуры. Варта ўзгадаць, што ў лістападзе на спатканьні з амбасадарам Расеі Барысам Грызловым Лукашэнка вельмі раздражнёна выказаўся адносна актыўнасьці «Россотрудничества», якое мае прадстаўніцтвы ў пяці гарадах Беларусі.
Класкоўскі: Калі казаць коратка, то Лукашэнку няўтульна ў гэтым імпэрскім акопе побач з Пуціным. Хаця яны абодва аўтарытарыі, абодва ворагі дэмакратыі й антызаходнікі — але Лукашэнка ў адрозьненьні ад Пуціна не імпэрыяліст. Ён шмат разоў паўтараў, што хоча кіраваць на гэтым «лапіку зямлі», як ён называе Беларусь, каб толькі не лезьлі ў ягоныя ўнутраныя справы.
Менавіта таму ён, напэўна, і цягне ў Беларусь гэту ядзерную зброю, гэты «Арэшнік», каб абараніць свой рэжым ад падкопаў Захаду, таму што яму мрояцца падступныя пляны. Яму здаецца, што заходнікі хочуць зваліць ягоны рэжым, і дзеля гэтага ствараюць, як ён кажа, харугвы, палкі і гэтак далей.
Але зь іншага боку, мы бачым ягоны супраціў гэтаму імпэрскаму падступнаму ціхаму паглынаньню. Гэта імкненьне згуляць у сваю гульню найперш з ЗША і пры дапамозе Штатаў, магчыма, праламаць вось гэты эўрапейскі фронт санкцыяў і жорсткага падыходу да Беларусі.
І тут можна сьцьвярджаць, што чым большая будзе дывэрсыфікацыя зьнешнепалітычных і зьнешнеэканамічных сувязяў, тым гэта лепей для нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Чым меншая будзе эканамічная, гандлёвая, лягістычныя залежнасьць ад расейскай імпэрыі, тым для Беларусі лепей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта поўная брахня!» Лукашэнка адрэагаваў на расьсьледаваньне Свабоды пра дысьлякацыю расейскага «Арэшніку»«Ёсьць жаданьне гэтага хаўрусьніка акуратна адшыхтавацца ад Масквы»
— Сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным у 2025 годзе адбываліся прыблізна з такой самай пэрыядычнасьцю, як і апошнія гады. Публічна ніякіх канфліктных сытуацыяў не было заўважана, хаця ў ранейшыя гады бывалі «газавыя», «малочныя» ды іншыя войны. Выглядае, што зараз афіцыйны Менск ня мае шансаў на нейкія такія пярэчаньні і «войны».
Вусаў: Такіх магчымасьцяў, якія былі да 2020 году, у Лукашэнкі цяпер няма. Адзіным чыньнікам ці сілай, на якую ён можа абаперціся ў вырашэньні пытаньняў захаваньня незалежнасьці й сваіх пазыцый, — гэта Кітай. Прынамсі, так лічыць сам Лукашэнка.
Менавіта дзеля пэўнага балянсу і раўнавагі, чым была Эўропа і Захад (хаця да канца ніколі ня быў Захад такім кампэнсатарам у пытаньнях бясьпекі), Менск спадзяецца знайсьці такое апірышча ў Пэкіне. Дзеля гэтага сустрэча з кітайскім кіраўніком Сі, паездка ў Кітай на сьвяткаваньне 80-годзьдзя перамогі над Японіяй, потым сустрэчы ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацы, дзе Кітай заявіў пра гатовасьць удзельнічаць у так званым калектыўным кіраваньні сьвету. Для Лукашэнкі прыярытэт — атрымаць ад Пэкіна гарантыі бясьпекі, якія атрымаў той жа Казахстан.
Пытаньне толькі, ці гатовы Пэкін гэтыя гарантыі даць. Але, сыходзячы з таго, што Кітай выходзіць на новы ўзровень геапалітычнай гульні й пачынае актыўна прасоўваць свае інтарэсы — для яго Беларусь можа ў некаторым ступені прадстаўляць стратэгічны інтарэс. І тут ён можа стаць гарантам хаця б палітычнай суб’ектнасьці Лукашэнкі і Беларусі — канешне, сыходзячы з уласных інтарэсаў. Бо пераарыентавацца на Захад для Лукашэнкі на сёньняшні дзень немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь паміж Кітаем, Расеяй і Захадам: новы геапалітычны вузел. Аналіз Валера КарбалевічаКласкоўскі: Усё ж такі пэўныя інтарэсы Лукашэнка адстойвае. Мы бачым, што беларускае войска так і не ўступіла ў вайну супраць Украіны. І, дзякуй Богу, напэўна, ужо й не ўступіць. Гэта таксама, напэўна, патрабавала ад Лукашэнкі нейкай аргумэнтацыі, нейкіх закулісных спрэчак з Пуціным.
Увогуле, я яшчэ раз вярнуся да думкі, што Лукашэнку, канешне, няўтульна назіраць гэтае ўзмацненьне залежнасьці ад Масквы. Нездарма ў яго прагучала (на сустрэчы з Грызловым), што ня трэба тут актыўнічаць з вашым «Россотрудничеством», давайце мацаваць эканамічныя сувязі.
Лукашэнку, відавочна турбуе тое, што сьціскаецца расейскі рынак. Тут ідуць заканамерныя працэсы, таму што расейская эканоміка абцяжарана вайной, санкцыямі і таму яна становіцца ўсё меней прыязнай для беларускіх тавараў. Плюс з боку кітайцаў узмацняецца канкурэнцыя. І гэта таксама штурхае Лукашэнку да дывэрсыфікацыі зьнешніх эканамічных сувязяў.
Фасад адносінаў паміж Лукашэнкам і Пуціным прыстойны, амаль лубочны, так бы мовіць. А зь іншага боку мы бачым, што ёсьць супярэчнасьці, ёсьць усё ж такі жаданьне гэтага хаўрусьніка, гэта малодшага брата ўсё ж такі неяк акуратна адшыхтавацца ад Масквы, наколькі гэта магчыма.
Лукашэнка з Пуціным ў царкве на Валааме. 1 жніўня 2025
«Шмат якія пытаньні адносна кантактаў Менску з ЗША ўзгодненыя з Расеяй»
— Калі казаць пра апошнія падзеі ў трэку паміж Менскам і Вашынгтонам. Ці могуць перамовы Лукашэнкі з амэрыканцамі выклікаць падазрэньне ці нават раздражненьне ў Масквы? Ці ня можа Масква спытаць: «А ўвогуле для чаго гэта вам і чаму вы гэта робіце?»
Вусаў: Я думаю, што шмат якія пытаньні адносна вось гэтых кантактаў Менску з ЗША ўзгодненыя з Расеяй. Нездарма напярэдадні сустрэчы з Коўлам Лукашэнка сустракаўся з Бастрыкіным, кіраўніком сьледчага камітэту Расейскай Фэдэрацыі, блізкай да Пуціна асобай.
Лукашэнка праяўляе максымальную асьцярожнасьць, бо сёньня ў Расеі магчымасьці захапіць Беларусь значна больш, чым гэта было ў тым жа 2020 годзе
Лукашэнка, канешне, праяўляе максымальную асьцярожнасьць, бо сёньня ў Расеі магчымасьці захапіць Беларусь і зрабіць гэта хутка і без праблем, значна больш, чым гэта было ў тым жа 2020 годзе. І я думаю, што Лукашэнка вельмі добра гэта разумее, таму ня робіць рэзкіх крокаў. Ня думаю, што цяпер Лукашэнка мае дастаткова рэсурсаў, і тым больш Захад ня можа гэтага гарантаваць.
Нават калі б Лукашэнка раптоўна пераарыентаваўся і пачаў абдымацца ня толькі з амэрыканцамі, але і з эўрапейцамі, то ў выпадку, калі б Расея зьдзейсьніла вайсковую інтэрвэнцыю, ніхто б на Захадзе і пальцам не паварушыў, каб абараніць Лукашэнку ад расейскай агрэсіі.
Лукашэнка вельмі добра гэта разумее, таму ён будзе рабіць вельмі асьцярожныя крокі, будзе казаць пра супольны інтарэс, пра дэізаляцыю Беларусі, а значыцца, дэізаляцыю Расеі. І ўпэўніваць Пуціна ў тым, што дэізаляцыя гэта на карысьць таксама Расеі. Тым больш, што ВПК беларускі працуе 100% на Расею. Таму я думаю, што Расея разумее, што Беларусь можа стаць калідорам для шэрых схем і абыходу санкцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пашырае поле для манэўру Менску. Аналіз Валера КарбалевічаКласкоўскі: І нашым, і вашым — гэта традыцыйна стыхія Лукашэнкі
Амэрыканцам ён прадае, як я ўжо сказаў, сваю нібыта абазнанасьць у сакрэтах пуцінскай душы, а Пуціну, напэўна, кажа: я ж табе дапамагаю вадзіць за нос гэтых амэрыкосаў і праціскаю тую лінію, што трэба. Гэта ж гучала нават публічна, што трэба паважаць Пуціна, рабіць перад імі рэвэрансы і гэтак далей. Вось таму пакуль што Лукашэнку ў гэтым пляне шанцуе.
Пакуль ідзе дыялёг паміж Вашынгтонам і Масквой, то ў Лукашэнкі ёсьць гэты аргумэнт для Пуціна, што мы ж з табой у адным рэчышчы дзейнічаем. Ты з Трампам вядзеш гаворку і я са сваіх пазыцый таксама вяду, а ў прынцыпе мы ж хаўрусьнікі, мы робім адну й тую ж справу.
Але гэта да пары да часу. І, канешне, тут ёсьць пэўная рызыка. Калі Трамп канчаткова раззлуецца на Маскву і перамоўны працэс пойдзе пад адхон, тады Пуцін можа і Лукашэнку сказаць: няма чаго тут гуляць у гэтыя сэпаратныя гульні з Вашынгтонам, мы павінны быць акурат вось у гэтым адным акопе.
Увогуле ў зьвязку з гэтым я б зазначыў, што з аднаго боку відавочна, што павялічылася залежнасьць Лукашэнкі ад Масквы за апошнія гады, але разам з тым заходніх палітыкаў і экспэртаў іншым разам падводзіць залішняя такая карыкатурызацыя Лукашэнкі, як ужо абсалютна стопрацэнтнай марыянэткі. Лукашэнка паказвае, што ўсё ж такі мае пэўную долю палітычнай суб’ектнасьці. І цяпер мне здаецца, што ён імкнецца ўсяляк гэту суб’ектнасьць павялічыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спробы вырваць Беларусь з арбіты Масквы не спрацуюць». Палітоляг Марозаў — пра абмен палітвязьняў на скасаваньне санкцыяў