Пуцін зноў заявіў пра анэксію 4 вобласьцяў Украіны як умову міру

Уладзімір Пуцін на ​​прэс-канфэрэнцыі ў Маскве 19 сьнежня 2025 году

Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін, адказваючы на ​​прэс-канфэрэнцыі ў Маскве на пытаньне аб пэрспэктывах мірнага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне, заявіў, што Ўкраіна «адмаўляецца ад завяршэньня канфлікту мірнымі сродкамі», але пры гэтым «ёсьць сыгналы» ад Кіева пра нейкую «гатоўнасьць да дыялёгу».

Паводле Пуціна, Расея гатовая завяршыць канфлікт на ўмовах, названых у ягоным леташнім выступленьні ў Міністэрстве замежных справаў. Там ішлося пра вывад украінскіх войскаў з чатырох вобласьцяў Украіны, на анэксію якіх прэтэндуе Расея.

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта NBC пра адносіны з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і пра тое, ці гатовы Пуцін узяць на сябе адказнасьць за гібель людзей налета, калі мірнае пагадненьне, якое прапануюць ЗША, ня будзе заключана, расейскі кіраўнік усклаў адказнасьць за вайну на Ўкраіну. Ён заявіў, што на сустрэчы з Трампам у жніўні на Алясцы Расея «пайшла на пэўныя кампрамісы» (якія менавіта, Пуцін не сказаў). Цяпер, паводле Пуціна, «мяч на баку Кіева і яго эўрапейскіх спонсараў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта поўная брахня!» Лукашэнка адрэагаваў на расьсьледаваньне Свабоды пра дысьлякацыю расейскага «Арэшніку»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз пагадзіўся на крэдыт у 90 мільярдаў эўра для Ўкраіны