ЗША прыпыняюць лятарэю дазволаў на жыхарства

Ілюстрацыйнае фота

Міністарка ўнутранай бясьпекі ЗША Крысьці Ноэм абвясьціла позна ўвечары ў чацьвер, што амэрыканская адміністрацыя прыпыняе праграму лятарэі ў выданьні дазволаў на жыхарства (Green Cards).

Яна напісала, што менавіта праз гэтую праграму ў Злучаныя Штаты трапіў меркаваны нападнік, знойдзены мёртвым пасьля забойства двух студэнтаў Браўнаўскага ўнівэрсытэту і прафэсара Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту.

«Гэтага агіднага чалавека ніколі ня варта было дапускаць у нашу краіну, — напісала Ноэм у сацыяльнай сетцы X. Паводле яе, падазраваны ў забойствах Клаўдзю Мануэл Нэвіс Валенці ўехаў у Злучаныя Штаты праз гэтую праграму ў 2017 годзе і атрымаў грын-карту.

Ноэм дадала, што на загад прэзыдэнта Дональда Трампа яна неадкладна даручае прыпыніць праграму візавай лятэрэі, «каб гарантаваць, што больш ніводны амэрыканец не пацярпіць ад гэтай катастрафічнай праграмы».

Праграма, якую распачалі ў 1990-х гадах, прапануе 50 тысяч візаў у год людзям з краін з адносна нізкім узроўнем іміграцыі ў ЗША (Беларусь рэгулярна была сярод такіх краін), прычым атрымальнікаў выбіраюць выпадковым чынам — шляхам лятарэі. Штогод дзясяткі мільёнаў людзей спрабуюць атрымаць візы праз гэтую праграму.

Каб атрымаць візу, заяўнікі павінны мець як мінімум сярэднюю адукацыю або два гады працы ў галіне, якая патрабуе навучаньня. Яны таксама павінны прайсьці праверку і сумоўе перад атрыманьнем візы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два студэнты загінулі ў выніку страляніны ў адным з найстарэйшых унівэрсытэтаў ЗША