Больш за 100 былых беларускіх палітвязьняў, вывезеных 13 сьнежня ва Ўкраіну, апоўдні 18 сьнежня прыехалі ў Вільню. Іх сустракалі валянтэры, журналісты, палітыкі.
Адзін з валянтэраў Данііл Гаркавы на ўласным аўто дапамагае былым палітвязьням, якія прыехалі ў Вільню. Ён патлумачыў Свабодзе, якім чынам робіць сваю працу.
«Я сустракаю на сваім аўтамабілі нашых вызваленых палітзьняволеных, герояў і гераіняў. Дапамагаю ім дабрацца да месца, у якім яны будуць адпачываць. Гэта вялікая радасьць — далучыцца да такога чыну. Гэта простае дзеяньне, якое не патрабуе звышвысілкаў, якое можа зрабіць кожны», сказаў Данііл Гаркавы.
Гаркавы адзначыў, што палітзьняволеныя выглядаюць стомленымі і зараз у іх эмацыйны стан з «пэўнымі арэлямі». Ім радасна, але момант не адназначны, бо яны не разумеюць, як рэагаваць.