Старшыня Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская і прадстаўнік Кабінэту ў нацыянальным адраджэньні Павал Баркоўскі правялі ў Вільні цырымонію ўзнагароджаньня мэдалямі Няскораных імя Ларысы Геніюш і «За плённую працу на карысьць Беларусі». Іх атрымаў шэраг выбітных асобаў.
Цырымонія пачалася выкананьнем гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
Пасьведчаньне пра ўзнагароду і сам мэдаль у руках Алеся Бяляцкага
Сёлета мэдалём Няскораных узнагародзілі:
- Алеся Бяляцкага за значны ўклад у разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці і праваабарончага руху ў Беларусі;
- Паўла Вінаградава за значны ўклад у разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці і незалежнай журналістыкі ў Беларусі;
- Вячаслава Лазарава за значны ўклад у развіццё незалежнай журналістыкі ў Віцебскім рэгіёне. Яго праца як відэаапэратара і журналіста «Белсату» дазваляла асьвятляць важныя грамадзкія тэмы ў складаных умовах.
Алесь Бяляцкі за трыбунай
Пасьля атрыманьня ўзнагароды Алесь Бяляцкі адзначыў, што рэпрэсіі ў Беларусі зь ягоным вызваленьнем з турмы не спыніліся, яны працягваюцца штодня, як штодня гучаць і новыя прысуды.
Ён падкрэсьліў вялікую працу, якая вялася дзеля вызваленьня дзясяткаў палітвязьняў, якія выйшлі на волю раней, але адзначыў, што грамадзянская супольнасьць мусіць дамагчыся вызваленьня ўсіх палітзьняволеных.
Алесь Бяляцкі з жонкай Натальляй Пінчук на ўрачыстай вечарыне. Побач Сяргей Ціханоўскі
«Бо іначай гэты гандаль будзе працягвацца бясконца. Трэба дабівацца, каб сытуацыя ў Беларусі зьмянілася ў лепшы бок і Беларусь стала сапраўды дэмакратычнай краінай. Нягледзячы на тое, што цяпер мы перажываем нялёгкія, драматычныя, цяжкія часы, і ўвесь беларускі народ знаходзіцца ў паняволеньні, тым ня менш, я перакананы, што наша нястомная праца, нашае імкненьне зрабіць Беларусь сапраўды эўрапейскай дасьць свой плён.
Зарукай вызваленьня Беларусі зьяўляецца дэмакратычная эўрапейская Ўкраіна. Мы бачым Украіну сябрам Эўрапейскага Зьвязу. Для нас гэты прыклад будзе важным, каб мы таксама сталі сябрамі эўрапейскай супольнасьці народаў. Мы таксама цэнім дапамогу, якую нам цягам апошніх 30 гадоў аказвае літоўскі народ. Прыходзяць новыя людзі, мяняюцца ўлады, але само імкненьне літоўцаў дапамагчы беларусам застаецца. Беларусы — эўрапейскі народ, мы не Расея, не забывайма гэта, Жыве Беларусь!»
У адказ Алесю Бяляцкаму ўся заля выгукнула «Жыве!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Бяляцкі расказаў пра турму, вайну, Нобэлеўскую прэмію і будучыню Беларусі. Поўны тэкст інтэрвію СвабодзеМэдалём «За плённую працу на карысьць Беларусі» ўзнагароджаныя:
- журналіст, публіцыст і перакладнік Аляксандар Лукашук;
- прадпрымальнік Павал Лібер;
- журналіст Сьцяпан Пуціла.
Аляксандар Лукашук атрымлівае ўзнагароду з рук Сьвятланы Ціханоўскай
«Сьвятлана Ціханоўская была самым высокім прадстаўніком Беларусі, які калі-небудзь наведаў Беларускую службу Радыё Свабода ў Празе. І ўсе астатнія дырэктары нам зайздросьцілі, якая ў вас маладая, разумная, прыгожая, адукаваная лідэрка», — сказаў Аляксандар Лукашук пасьля атрыманьня ўзнагароды.
Таксама ў гэты вечар быў узнагароджаны Ўладзімер Мацкевіч мэдалём «Гонар і годнасьць» за асабістыя адвагу і годнасьць у змаганьні за свабоду, нацыянальныя каштоўнасьці, дэмакратыю і правы чалавека.
Пра ўзнагароджаных
Алесь Бяляцкі — дзеяч беларускага адраджэнскага руху, праваабаронца, заснавальнік праваабарончага цэнтру «Вясна». Не аднойчы за сваю працу затрымліваўся і адбыў два турэмныя зьняволеньні пры рэжыме Лукашэнкі. Абодва разы ягоныя справы былі кваліфікаваная міжнароднай супольнасьцю як палітычны перасьлед. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.
Павал Вінаградаў — грамадскі дзеяч і журналіст. Супрацоўнічаў зь незалежнымі мэдыямі, у тым ліку тэлеканалам «Белсат». Неаднаразова зазнаваў перасьледу за сваю актыўную пазыцыю. Быў сябрам моладзевай арганізацыі «Зубр», да 2010 году — удзельнік грамадзянскай ініцыятывы «Эўрапейская Беларусь», з 2010 году далучыўся да кампаніі «Гавары праўду». Удзельнік моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду!» «Zmena».
Вячаслаў Лазараў — відэаапэратар і незалежны журналіст зь Віцебску, шмат гадоў супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат», дзе асьвятляў рэгіянальныя падзеі і грамадзкія праблемы, якія часта не трапляюць у дзяржаўныя СМІ. У 2018 і ў 2019 гг. Лазарава двойчы каралі штрафамі паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». У лютым 2023 году Лазарава затрымалі сілавікі.
Аляксандар Лукашук з 1993 г. працаваў на Радыё Свабода, з 1999 г. — дырэктарам Беларускай службы Радыё Свабода. У 2004–2005 гг. дырэктар Радыё «Свабодны Афганістан», у 2007-2008 — выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа. Адзін з заснавальнікаў «Мартыралёгу Беларусі». У 1990–1995 гг. — сябар Камісіі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня ў правах ахвяраў палітычных рэпрэсій. Аўтар дасьледаваньняў гісторыі XX ст., кніг «Зьдзек» (1988), «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста» (1997), «За кіпучай чэкісцкай работай» (1997), «У фіялетавай ночы вугал крыла» (1999), «Прыгоды АРА ў Беларусі» (2005), «Сьлед матылька: Освальд у Менску» (2011), «Зкімбы-зымбы» (2013).
Павал Лібер — беларускі IT-экспэрт, прадпрымальнік і грамадзкі дзеяч, заснавальнік шэрагу важных грамадзкіх ініцыятываў у лічбавай галіне. з 2004 па 2020 г. працаваў у EPAM, дзе дасягнуў пазыцыі старшага дырэктара. У 2020 годзе стварыў плятформу «Голас», якая дазволіла правесьці паралельны падлік галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі і праілюстраваць факты масавых фальсыфікацый, зьдзейсьненых рэжымам Лукашэнкі. У наступныя гады стварыў онлайн-плятформу «Новая Беларусь», інфраструктуру для правядзеньня выбараў у онлайн-фармаце, лічбавую мапу для дапамогі ўцекачам з Украіны пасьля паўнамаштабнага расейскага ўварваньня.
Сьцяпан Пуціла — журналіст, аўтар папулярных грамадзка-палітычных каналаў з агульнай назвай NEXTA. Праз гэтыя плятформы Пуціла зарганізаваў апэратыўнае асьвятленьне падзей, у тым ліку пратэстаў 2020 году, затрыманьняў, гвалту і парушэньняў правоў чалавека. Гэта дапамагло ня толькі захоўваць інфармацыю і дакумэнты, але і аб’ядноўваць людзей, стымуляваць салідарнасьць і самастойнае мысьленьне.
Уладзімер Мацкевіч — філёзаф і мэтадоляг, грамадзка-палітычны дзяяч, тэлевядоўца. Заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгій. Першы кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» (2011-2016). Заснавальнік праграмы стварэньня сучаснага ўнівэрсытэту ў Беларусі «Лятучы ўнівэрсытэт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Рады БНР уручыў журналісту Свабоды Алегу Грузьдзіловічу мэдаль Ордэну Пагоні