Хроніка перасьледу 17 сьнежня: праграміста асудзілі паводле палітычных артыкулаў, у «справе Гаюна» новы затрыманы

Суд Маскоўскага раёну Менску

У Беларусі суды не перастаюць выносіць палітычна матываваныя прысуды за пратэсты супраць кіраваньня Лукашэнкі, абразы чыноўнікаў і сілавікоў.

Горадзенскага праграміста асудзілі паводле палітычных артыкулаў

Прысуд Руслану Баранчыку вынесьлі ў Горадзенскім абласным судзе. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130 («распальваньне варожасьці»), ч. 1 арт. 368 («абраза Лукашэнкі») і ч. 1 арт. 361‑4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), піша «Наша Ніва».

Вырак невядомы, імаверна, яму прызначылі пазбаўленьне волі. Дома Руслана чакаюць жонка і двое непаўналетніх дзяцей.

Баранчык скончыў матэматычны факультэт Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Ён пачынаў працаваць у сваім унівэрсытэце, у яго выдавецкім цэнтры, займаўся вёрсткай навуковых кніг, пісаў скрыпты для аўтаматызацыі працэсаў і адміністраваў сайт. Пазьней перайшоў у камэрцыйнае IT: працаваў тэставальнікам у EPAM Systems, праграмістам у «Інтэкссофт» і нават запэўніваў працу праграмнага забесьпячэння на горадзенскім аўтавакзале.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 сьнежня: асудзілі праграміста з Полацку, папоўнілі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

У «справе Гаюна» сама меней 127 затрыманых

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ў сьнежні затрымалі яшчэ аднаго чалавека, якога абвінавачваюць у «справе Гаюна».

«Агулам „Вясна“ мае інфармацыю пра сама меней 127 пацьверджаных фігурантаў „справы Гаюна“, якіх зьмясьцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна большая», — адзначаецца ў паведамленьні.

Суды ў гэтай справе працягваюцца дагэтуль па ўсёй краіне. Яе фігурантам прызначаюць як «хатнюю хімію», так і «хімію» з накіраваньнем у месцы адбыцьця пакараньня, і зьняволеньне ў папраўчай калёніі.

Telegram-ініцыятыва «Беларускі Гаюн» зьбірала зьвесткі пра перамяшчэньне расейскіх войскаў. Зьвесткі дапамагалі ўкраінскаму боку арыентавацца ў становішчы і ацэньваць пагрозы.

Пра тое, што сілавікі маюць доступ да базы кантактаў «Беларускага Гаюна», стала вядома на пачатку лютага сёлета. Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і праз два дні пасьля гэтага заявіў аб спыненьні працы «Гаюна». З таго часу праект, які стаў важнай крыніцай інфармацыі для беларускіх, украінскіх і міжнародных мэдыя, больш не публікуе зьвестак аб дзеяньнях расейскіх і беларускіх вайскоўцаў.

Праваабаронцы прагназуюць, што фігурантаў «справы Гаюна» можа быць да 1000 чалавек.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».