«Вы церпіце ад агрэсіі і цалкам маеце рацыю». Беларускія палітвязьні ў размове зь Зяленскім запэўнілі аб падтрымцы Ўкраіны

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зеленскі

Размова прайшла раніцай 15 сьнежня празь відэасувязь.

З прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім размаўлялі Ўладзь Лабковіч, Максім Знак, Марыя Калесьнікава, Марына Золатава, Віктар Бабарыка, Аляксандар Фядута.

Пасьля вызваленьня зь беларускіх турмаў 13 сьнежня іх вывезьлі ва Ўкраіну.

«Вельмі цаню добрыя словы пра Ўкраіну і ўкраінцаў і выразную, прынцыповую пазыцыю што да расейскай агрэсіі. Гэта важна. Украіна і надалей будзе дапамагаць усім, хто дапамагае нам абараняць незалежнасьць і жыцьцё людзей», — напісаў Зяленскі пасьля гутаркі.

Пазьней зьявіўся поўны запіс 18-хвіліннай размовы прэзыдэнта Ўкраіны з вызваленымі беларускімі палітвязьнямі.

Марыя Калесьнікава ў час сустрэчы падкрэсьліла, што «цалкам падтрымлівае Ўкраіну ў яе барацьбе за свабоду і сувэрэнітэт», і адзначыла, што яе сэрца — з народам Украіны.

«Мы ўяўляем, як гэта неверагодна цяжка, калі ў стане вайны, калі адбываецца такая масіраваная атака і агрэсія з боку Расеі, як цяжка вам з гэтым даваць рады, і вы ўсё знаходзіце магчымасьць нас падтрымліваць, Вялікі вам сардэчны дзякуй», — сказала Калесьнікава.

Віктар Бабарыка, у сваю чаргу, заявіў, што акты агрэсіі супраць сувэрэннай дзяржавы і грубыя парушэньні міжнароднага права абсалютна непрымальныя ў сучасным сьвеце.

«Некаторая няпэўнасьць, якая прысутнічае ў нашых выказваньнях, — назавем гэта постурэмны шок. Паверце, усе мы адзіныя ў ацэнцы гэтых падзей. Вы пакутуеце, вы церпіце ад агрэсіі і вы цалкам маеце рацыю: свабоды і людзі, якія аддалі свае жыцьці за гэтую свабоду, яны павінны перамагчы. І яна пераможа», — сказаў падчас размовы Віктар Бабарыка.

Днём раней на прэс-канфэрэнцыі ў Чарнігаве Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава не змаглі наўпрост назваць вінаватых у вайне Расеі супраць Украіны і падтрымаць беларускіх добраахвотнікаў. Іхнія абцякальныя дыпляматычныя адказы выклікалі неадназначную рэакцыю ў многіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Часам лепей жаваць, чым гаварыць» і «Дайце прайсьці рэабілітацыю». Як у сацсетках рэагуюць на заявы былых беларускіх палітвязьняў


Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене паразмаўляла з Бабарыкам, Знакам і Калесьнікавай

«Мела магчымасьць паразмаўляць зь лідэрамі беларускай апазыцыі Марыяй Калесьнікавай, Віктарам Бабарыкам і Максімам Знакам — палітычнымі зьняволенымі, вызваленымі зь беларускай турмы, дзе іх ніколі не павінна было быць.

Адміністрацыя Прэзыдэнта ЗША зрабіла калясальную працу, дзякуючы якой яны могуць вярнуцца да сваіх семʼяў.

Агульная колькасьць несправядліва зьняволеных людзей у Беларусі на сёньняшні дзень складае больш за 1100 чалавек. Нават адзін палітычны зьняволены — гэта занадта шмат», — напісала Інга Ругінене ў X.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава: Хачу падзякаваць Зяленскаму, усяму ўкраінскаму народу і Аляксандру Рыгоравічу 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі хачу, каб гэты жах спыніўся»: Вызваленыя беларускія палітвязьні выказаліся пра вайну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая прэс-канфэрэнцыя вызваленых палітзьняволеных прайшла ва Ўкраіне. ПОЎНАЕ ВІДЭА