Пасьля 5 гадоў зьняволеньня вызвалілі палітвязьня Анджэя Пачобута, журналіста і актывіста польскай меншасьці ў Беларусі

Польскі журналіст Барташ Веліньскі (зьлева) і вызвалены Анджэй Пачобут

Выйшаў на волю палітычны зьняволены журналіст і актывіст польскай нацыянальнай меншасьці Беларусі Анджэй Пачобут.

Улады Беларусі вызвалілі і перадалі ў Польшчу Андрэя Пачобута, пра гэта паведамляюць дзяржаўныя СМІ Беларусі. Анджэя Пачобута сустрэў прэм’ер Польшчы Дональд Туск, пра гэта ён напісаў у сацсетцы Х. Пачобут быў у турме з 25 сакавіка 2021 году.

Пачобут адразу пасьля вызваленьня спытаў, ці зможа ён вярнуцца ў Беларусь. Пра гэта напісаў прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск.

«Ці змагу я туды вярнуцца?»— гэта былі яго першыя словы.

«Толькі ты вырашаеш. Ты ўжо вольны чалавек», —адказаў я», — напісаў Туск.


«Анджэй Пачобут, палітычны вязень рэжыму Лукашэнкі, кавалер Ордэна Белага Арла, на волі!» — напісаў на сваёй старонцы ў сацсетцы Х прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі, камэнтуючы вызваленьне журналіста. «Дзякую прэзыдэнту Злучаных Штатаў Дональду Трампа за садзейнічаньне ў вызваленьні нашага суайчыньніка. Дзякую ўсім, хто працаваў дзеля гэтага посьпеху», — адзначыў Наўроцкі.

Абмен у фармаце «пяць на пяць» адбыўся на мяжы Беларусі і Польшчы.

«У выніку апэрацыі 10 грамадзян розных краіны вызваленыя і атрымалі магчымасьць аб’яднацца з сем’ямі. Сярод вызваленых, у тым ліку, грамадзяне Беларусі, якія выконвалі асабліва важныя заданьні ў інтарэсах забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі і абароназдольнасьць нашай краіны», — паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Сярод перададзеных польскім бокам людзей таксама грамадзяне Малдовы, якіх абвінавачвалі ў шпіянажы. У турмах і сьледчых ізалятарах Беларусі ўтрымліваецца каля 800 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь і Польшча правялі абмен зьняволенымі. Сярод тых, каго Менск перадаў Варшаве, — Анджэй Пачобут

Сьвятлана Ціханоўская вітала выхад Анджэя Пачобута на волю:

«Гэта вялікая радасьць для ягонай сям’і і для ўсіх нас — тых, хто падтрымліваў і чакаў Анджэя ўвесь гэты час. Ён правёў за кратамі больш за пяць гадоў толькі таму, што не адмовіўся ад праўды і сумленна пісаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Ягоная стойкасьць, годнасьць і непахіснасьць сталі прыкладам для нас усіх.

Я шчыра радая за Анджэя і ягоных блізкіх, якія вытрымалі гэты цяжкі шлях. Ведаю, колькі сіл і чаканьня стаіць за гэтым.

Я дзякую ўсім, хто змагаўся за яго вызваленьне, найперш — кіраўніцтву Польшчы, ЗША і нашым эўрапейскім партнэрам.

Мы памятаем пра ўсіх, хто ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі. І мы будзем працягваць працаваць, пакуль кожны з іх не апынецца дома, побач з роднымі».

«Я вельмі рады», — заявіў старшыня правааабрончага цэнтру «Вясна» былы палітвязень Алесь Бяляцкі пра вызваленьне Анжэя Пачобута. Пра гэтым праваабаронца нагадаў пра сотні іншых палітвязьняў, якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі. «Змагаемся за іх вызваленьне, пакуль усе беларускія палітвязьні ня выйдуць на волю».

Хто такі Анджэй Пачобут

Журналіст і актывіст польскай меншасьці з Горадні Анджэй Пачобут быў арыштаваны вясной 2021 году, а ў лютым 2023 году асуджаны на восем гадоў калёніі строгага рэжыму.

Беларускія дэмакратычныя сілы і польскія ўлады патрабуюць вызваленьня актывіста. У ліпені дэлегацыя польскага Сейму падчас візыту ў ЗША, узьняла гэтую тэму на перамовах з амэрыканскім бокам.

16 студзеня 2025 году, наведваючы Менскі гарадзкі тэхнапарк, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Варшава нібыта «адмовілася ад Пачобута», «адмовіліся весьці нават размовы пра Пачобута». Ён сьцьвярджаў, што журналіст «ня хоча туды ехаць — вось і ўсё пытаньне».

Анджэя Пачобута на мяжы сустрэў прм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск. 28 красавіка 2026 году

Пасьля палітычна матываванага прысуду Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных падарожнікам пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.

30 кастрычніка 2024 году міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі, выступаючы ў Сэнаце, заявіў, што Варшава «праз розныя каналы» дамагаецца вызваленьня суайчыньнікаў, якія сядзяць у беларускіх турмах, асаблівая ўвага надаецца журналісту і сябру зьліквідаванага ўладамі Зьвязу палякаў Анджэю Пачобуту.

Выява Анджэя Пачобута, узнагароджанага 11 лістапада 2025 году Прэзыдэнтам Польшчы Ордэнам Белага Арла, была спраецыравана на Прэзыдэнцкі Палац у Варшаве

У лістападзе 2025 годзе палітвязьня Пачобута ўзнагародзілі найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы Ордэнам Белага Арла.

Сёлета Анджэй Пачобут таксама атрымаў прэмію Сахарава, што Эўрапейскі парлямэнт прысуджае асобам, якія зрабілі выключны ўклад у барацьбу за правы чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вызваленьне ксяндзоў — вынік дыпляматыі і Ватыкану, і Польшчы, і ЗША, — тэалягіня Васілевіч

Каго вызвалілі раней

Гэта ня першае вызваленьне беларускіх палітвязьняў пры ўдзеле амэрыканскай дыпляматыі.

11 верасьня 2025 году пасьля папярэдняй сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША вызвалілі 51 палітычнага вязьня, у тым ліку Уладзімера Мацкевіча, адзін з вядомых інтэлектуалаў Беларусі, Міколу Дзядка — анархіста і журналіста, журналістку Ларысу Шчыракову, былога лідэра «Маладога фронту», сталяра Зьмітра Дашкевіча, лідэраў незалежных прафсаюзаў Генадзя Фядыніча і Аляксандра Ярашука ды іншых. Палітык Мікола Статкевіч тады адмовіўся выяжджаць за межы Беларусі.

У выніку сустрэчы 21 чэрвеня пасланьніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў. Тады вызвалілі Сяргея Ціханоўскага, а таксама былога журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея, выкладчыцу Натальлю Дуліну, актывіста анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскага-Ханада, уладальніцу беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіну Красьнянскую, фігуранта справы «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыла Балахонава, бізнэсоўца Сяргея Шэлега.

Раней у 2025 годзе прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл наведваў Беларусь, вынікам чаго стала вызваленьне амэрыканскага грамадзяніна, палітвязьня Юрася Зянковіча.

12 лютага зь беларускіх турмаў вызвалілі журналіста Беларускай службы Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, амэрыканскага грамадзяніна, імя якога не называецца, і шматдзетную маці Алену Маўшук.

Намаганьні Дональда Трампа па вызваленьні беларускіх палітвязьняў

5 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон і Менск вядуць перамовы пра вызваленьне часткі з 1400-1500 затрыманых у Беларусі, большасьць зь якіх — палітвязьні.

Раней Трамп называў лічбу 1300 зьняволеных і не ўжываў слова «палітычныя».

Трамп падзякаваў Аляксандру Лукашэнку, назваўшы яго «паважаным чалавекам», «моцным лідэрам» і «моцнай асобай».

Гаворачы пра вызваленых і пра астатніх зьняволеных, Трамп ужыў слова «закладнікі».

Па дарозе на саміт на Алясцы 15 жніўня Трамп апублікаваў у сацыяльных сетках допіс пра тое, што правёў «цудоўную размову зь вельмі паважаным прэзыдэнтам Беларусі», у якой падзякаваў Лукашэнку за вызваленьне 16 чалавек і абмеркаваў вызваленьне яшчэ 1300 чалавек. Перад перамовамі з Пуціным на Алясцы, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пазваніў Аляксандру Лукашэнку.

Зь сярэдзіны 2024 году Беларусь вызваліла некалькі сотняў чалавек, асуджаных за «экстрэмізм» і іншыя палітычныя «злачынствы», што аналітыкі лічаць спробай Лукашэнкі палегчыць сваю ізаляцыю ад Захаду. Хаця пры гэтым сам Лукашэнка адмаўляе наяўнасьць у краіне палітычных вязьняў, а перасьлед грамадзян за пратэсты і іншадумства няспынна працягваецца па сёньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўрапарлямэнт уганараваў беларускага палітвязьня Анджэя Пачобута прэміяй імя Сахарава

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пачобут — вялікі герой. І той, хто даможацца яго вызваленьня, таксама будзе героем, — польскі журналіст Патоцкі

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
  • 28 красавіка 2026 году быў вызвалены і вывезены ў Польшчу ў рамках абмену зьняволенымі.