Менск і Тэгеран заплянавалі на 2026 год сумесныя вайсковыя вучэньні
Кіраўнік дэпартамэнту міжнароднай вайсковай супрацы Міністэрства абароны Беларусі Валеры Равенка. Архіўнае фота
Як паведамляе Інтэрфакс, Беларусь і Іран падпісалі плян двухбаковага вайсковага супрацоўніцтва на 2026 год і маюць намер правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні.
Пра гэта паведаміў начальнік дэпартамэнту міжнароднай вайсковай супрацы Міністэрства абароны Беларусі, памочнік міністра ў міжнароднай вайсковай супрацы Валеры Равенка.
«Праца ў Менску дэлегацыі Генэральнага штабу Ірану завяршылася падпісаньнем пляну двухбаковай супрацы на 2026 год. У якасьці галоўнай падзеі разглядаецца правядзеньне сумесных вучэньняў на тэрыторыі адной зь дзяржаваў», — напісаў Равенка ў сацыяльнай сетцы X.
Дэлегацыя Генэральнага штабу Ірану прыбыла ў Менск 8 сьнежня для абмеркавання двухбаковай вайсковай супрацы. Прыярытэт надаецца «рыхтаваньню войскаў, адукацыі і вайскова-тэхнічным аспэктам узаемадзеяньня», — заявіў Равенка.
Плян на наступны год прадугледжвае далейшае разьвіцьцё супрацы дзьвюх краін у галіне абароны. Паводле афіцыйных крыніц, асаблівая ўвага была нададзеная актывізацыі сумеснай працы ў галінах падрыхтоўкі кадраў, абмену досьведам, навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяньня.
Аляксандар Лукашэнка ў жніўні на сустрэчы з прэзыдэнтам Ірану Масудам Пэзэшкіянам назваў нанясеньне ўдараў па ядзернай інфраструктуры Ірану, якая знаходзіцца пад кантролем МАГАТЭ, «сур’ёзнаю пагрозаю рэгіянальнай і міжнароднай стабільнасьці і бясьпецы».
У сваю чаргу ў заяве для прэсы прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян адзначыў, што разам зь Беларусьсю можна змагацца супраць «аднапалярнага сьвету», і запрасіў Лукашэнку наведаць Іран зь візытам у які-кольвек час.
На перамовах бакі дамовіліся падрыхтаваць і падпісаць пагадненьне аб стратэгічнай супрацы.