Літва заявіла Беларусі пратэст за «гібрыдныя атакі і захоп маёмасьці перавозьнікаў»

Будынак Міністэрства замежных спраў Літвы ў Вільні, архіўнае фота

Часовага паверанага ў справах амбасады Беларусі 10 сьнежня выклікалі ў Міністэрства замежных спраў Літвы і ўручылі ноту пратэсту «ў сувязі з працягам гібрыдных атак, якія ажыцьцяўляюцца з тэрыторыі Беларусі, і гвалтоўным захопам уласнасьці грамадзян і кампаній Эўрапейскага Зьвязу».

Як паведаміла агенцтва BNS са спасылкай на МЗС Літвы, у сераду, беларускаму боку зноў было «настойліва рэкамэндавана забясьпечыць эфэктыўны кантроль над сваёй паветранай прасторай і вярнуць незаконна захопленую маёмасьць, якая належыць грамадзянам і кампаніям ЭЗ».

Як адзначае літоўскі бок, палёты кантрабандысцкіх балёнаў зь Беларусі ўжо некалькі разоў за апошнія месяцы ўплывалі на працу аэрапортаў Вільні і Коўна. Пасьля таго як Літва на некалькі тыдняў абмежавала працу памежных пераходаў зь Беларусьсю, Менск адмаўляецца выпускаць грузавікі з літоўскай рэгістрацыяй, патрабуючы кансультацый на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў.

«МЗС спадзяецца, што ўлады Беларусі, якія дамагаюцца кантактаў на высокім узроўні, распачнуць дзеяньні для ўрэгуляваньня вышэйзгаданых сытуацый», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства замежных спраў Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы: беларускія спэцслужбы падманам схіляюць літоўцаў запускаць балёны зь Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка выставіў ультыматум Літве перад перамовамі з ЗША. Тлумачыць Валер Карбалевіч
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча ня будзе абвяшчаць надзвычайную сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю ўсьлед за Літвой
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пераедзе зь Вільні ў Варшаву, — крыніцы Свабоды