Як вынікае з сайту Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы, стартавую цану аб’екту, які раней адабралі ў інвэстара, зьнізілі да 1 080 245 рублёў з пачатковай у 2 160 490 рублёў.
Папярэдні аўкцыён мусіў прайсьці 14 лістапада, але на яго не зарэгістраваўся ніводны ўдзельнік.
Маёнтак ужо адзін раз прадавалі ў 2013 годзе, але вярнулі на балянс мясцовых уладаў празь нібыта невыкананьне пакупніком інвэстыцыйных умоваў.
Маёнтак Падароск — гісторыка-культурная каштоўнасьць. Ён пабудаваны ў канцы XVIII стагодзьдзя. У яго было шмат уласьнікаў, апошнія зьвязаныя з Раманам Бохвіцам — гэта сын вядомага філёзафа Флярыяна Бохвіца. Раманавага сына Отана савецкія ўлады арыштавалі ў 1939 годзе, ён памёр у турме Ваўкавыску.
Згодна з умовамі, маёнтак маюць пачаць выкарыстоўваць не пазьней як праз тры гады ад падпісаньня дамовы куплі-продажу або ў тэрміны, прадугледжаныя праектнай дакумэнтацыяй.
У 2013 годзе маёнтак за 120 тысяч даляраў набыў бізнэсовец Павал Падкарытаў. Ён плянаваў адкрыць там турыстычны комплекс, падвёў камунікацыі, зрабіў поўную рэстаўрацыю ўязной брамы.
У палацы адкрылі часовую экспазыцыю на 14 заляў, якая дазваляла праводзіць комплексную экскурсію пра гісторыю шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі. Яна была часткова зьвязаная зь лёсам былых уладальнікаў — Бохвіцаў. Агулам інвэстар тады ўклаў у праект каля мільёна даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сядзіба за 40 рублёў». Як беларускія ўлады прадаюць помнікі архітэктуры расейскім інвэстарам, а пасьля забіраюць і зноў прадаюць