9 сьнежня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, які працягвае свой эўрапейскі тур, заявіў, што гатовы правесьці прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне, але для гэтага неабходна забясьпечыць бясьпеку іх правядзеньня і зьмяніць заканадаўства Ўкраіны, якое забараняе правядзеньне выбараў ва ўмовах ваеннага становішча.
Зяленскі назваў «абсалютна неадэкватнымі» заявы пра тое, што вайна не сканчаецца, таму што ён «трымаецца за крэсла». Хто зрабіў такія заявы, Зяленскі не сказаў, але вядома, што ў інтэрвію Politico, апублікаваным у аўторак, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Ўкраіна павінна правесьці прэзыдэнцкія выбары.
«У іх даўно не было выбараў», — сказаў Трамп. Паводле яго слоў, урад Украіны «выкарыстоўвае вайну, каб пазбегнуць выбараў».
Тэзіс пра «нелегітымнасьць» Зяленскага таксама актыўна прасоўваецца Ўладзімірам Пуціным і расейскай прапагандай.
«Я гатовы да выбараў. Больш за тое, я прашу ЗША, магчыма, разам з эўрапейскімі калегамі, запэўняць бясьпеку на выбарах. Тады на працягу 60-90 дзён Украіна будзе да іх гатовая», — цытуе Зяленскага РБК-Украіна.
Прэзыдэнт Украіны таксама заявіў, што папросіць украінскі парлямэнт унесьці неабходныя зьмены ў заканадаўства. «Заўтра я буду ва Ўкраіне, чакаю прапаноў ад партнэраў і дэпутатаў, і я гатовы ісьці на выбары», — сказаў Зяленскі.
Зяленскі і раней выказваў сваю гатоўнасьць да выбараў у выпадку спыненьня вайны. У прыватнасьці Зяленскі ў інтэрвію Axios паабяцаў зьвярнуцца да парлямэнта Ўкраіны з просьбай правесьці выбары, калі будзе дасягнутае пагадненьне аб спыненьні агню. А на пытаньне, ці будзе ён лічыць сваю працу завершанай пасьля заканчэньня вайны, Зяленскі адказаў, што будзе «гатовы» сысьці ў адстаўку: «Мая мэта — скончыць вайну, а не працягваць балятавацца на пасаду».
Паводле слоў Зяленскага, падчас іх сустрэчы 23 верасьня ён сказаў прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу, што калі будзе спыненьне агню, «мы можам выкарыстаць гэты пэрыяд часу (для абвяшчэньня і правядзеньня выбараў — рэд.), і я магу даць гэты сыгнал парлямэнту». Зяленскі таксама адзначыў, што разумее, што людзі могуць шукаць «лідэра з новым мандатам», каб прыняць важныя рашэньні, неабходныя для дасягненьня трывалага міру.
9 сьнежня ў адказ на пытаньні журналістаў Зяленскі таксама заявіў, што існуюць тры дакумэнты, якія тычацца заканчэньня вайны Расеі супраць Украіны.
«Мы абмяркоўваем тры дакумэнты з амэрыканцамі і ўжо абмяркоўваем іх з эўрапейцамі. Ёсьць рамачны дакумэнт з 20 пунктаў — ён пастаянна зьмяняецца. Другі дакумэнт — гэта гарантыі бясьпекі, мы над ім працуем, і я чакаю адпаведных прапаноў ад нашых вайскоўцаў і вынікаў іх дыялёгу з амэрыканцамі»,— цытуе Зяленскага Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Паводле слоў украінскага прэзыдэнта, трэці дакумэнт — гэта праект пасьляваеннага аднаўленьня Ўкраіны, які «павінен быць рэалізаваны пасьля заканчэньня вайны або калі будзе спыненьне баявых дзеяньняў».
Адносна гарантый бясьпекі Зяленскі ўдакладніў, што ЗША згодныя з тым, каб гарантыі бясьпекі Ўкраіне былі аформленыя ў выглядзе закона, зацьверджанага Кангрэсам.
«Амэрыканцы сказалі нам наступнае: яны хочуць, каб Ўкраіна мела рэалістычныя гарантыі бясьпекі, зацьверджаныя Кангрэсам, каб мы гэта сапраўды адчулі, каб у нас была зброя, а пры неабходнасьці былі ўжытыя санкцыі, каб у нас была супрацьпаветраная абарона, і каб гэта грунтавалася на пятым артыкуле [Статута NATO], але мы пакуль не прапрацавалі гэтыя дэталі», — сказаў прэзыдэнт Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі: на перамовах няма адзінства меркаваньняў па пытаньні аб будучыні ДанбасуВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.