Эўракамісарка Марта Кос: Ня бачу магчымасьці зьняцьця якіх-небудзь санкцыяў зь Беларусі

Марта Кос

Эўракамісарка ў пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Марта Кос ня бачыць «магчымасьці зьняцьця якіх-небудзь санкцыяў» зь Беларусі. Пра гэта яна сказала ў інтэрвію парталу «Люстэрка».

Сёньня на канфэрэнцыі ў Брусэлі, прысьвечанай рэформам і дэмакратычным пераўтварэньням у Беларусі, эўракамісарка ў пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Марта Кос абвясьціла, што Эўразьвяз вылучыць налета дадатковыя 30 мільёнаў эўра падтрымкі людзям Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз у 2026 годзе выдаткуе для грамадзянскай супольнасьці і палітвязьняў Беларусі 30 мільёнаў эўра

Журналісты «Люстэрка» спыталі эўракамісарку, ці гатовы Эўразьвяз, сьледам за ЗША, ісьці на зьмякчэньне санкцый дзеля вызваленьня палітвязьняў?

«Не цяпер» — адказала Кос.

На яе думку, санкцыі добрыя менавіта тым, што падштурхоўваюць афіцыйны Менск перагледзець свае паводзіны і падумаць пра вяртаньні на дэмакратычны шлях. Паводле яе, на дадзены момант не было ніякіх станоўчых зьменаў з боку рэжыму Лукашэнкі.

«Я ня бачу магчымасьці зьняцьця якіх-небудзь санкцыяў» — сказала эўракамісарка.

На пытаньне, ці ня здарыцца так, што беларусы ня змогуць разьлічвацца банкаўскімі карткамі ў ЭЗ або наогул атрымліваць візы, Марта Кос адказала: «Трэба абсекчы ўсе сувязі, каб зрабіць немагчымым жыцьцё і працу беларускага ўраду і ўсіх тых, хто душыць беларускі народ». Аднак яна дадала, што разумее, што для беларусаў, якія жывуць у краіне ў вельмі цяжкіх умовах, важна мець магчымасьць выехаць. «Мы ў цэлым гэта падтрымліваем» — падкрэсьліла эўракамісарка.

«Мне вельмі спадабалася фраза Сьвятланы Ціханоўскай: кожная аўтакратыя ў нейкі момант разбураецца, часам тады, калі мы зусім гэтага не чакаем. Я вельмі спадзяюся, што мы хутка ўбачым такую сытуацыю ў Беларусі» — сказала Кос.

Яна сказала, што выразна праводзіць мяжу паміж падтрымкай беларускага народу, незалежных мэдыя, грамадзянскай супольнасьці, бізнэсу за межамі Беларусі — і рэжымам.

«Першую групу мы ніколі ня спынім падтрымліваць. Мы таксама будзем гатовыя аказаць усю неабходную дапамогу новаму ўраду вашай краіны, калі ён будзе праэўрапейскім (я вельмі на гэта спадзяюся). Але з-за таго, што адбываецца зараз, і як паводзіць сябе Лукашэнка, мы ніколі ня будзем працаваць зь цяперашнім урадам Беларусі або палітыкамі, ляяльнымі да яго» — патлумачыла эўракамісарка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз гатовы пашырацца далей. Якія краіны далучацца і калі? Аналіз Рыкарда Юзьвяка

Адказваючы на пытаньне пра магчымую будучыню Беларусі ў Эўразьвязе, Кос нагадала, што ёсьць пэўныя папярэднія ўмовы, якія краіна павінна выканаць. Найперш, гэта падача заяўкі, а потым ухвала яе краінамі-чальцамі ЭЗ. «Усё будзе залежаць ад вас, ад беларускага народа: ці хочаце вы бачыць сваю будучыню ў складзе Эўразьвязу і ці гатовыя вы прыняць гэтае рашэньне».