Хроніка перасьледу 8 сьнежня: асуджаны ў Гомлі хрысьціянскі прапаведнік застаецца пад вартай

Суд у Гомлі. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Асуджаны за «садзейнічаньне экстрэмізму» хрысьціянскі прапаведнік застаецца пад вартай

У Гомельскім абласным судзе раней вынесьлі прысуд 41-гадоваму Аляксею Ягелу. Яго абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу), піша «Вясна».

Пра Аляксея Ягелу вядома, што ён, з адукацыі лекар-хірург, эвангельскі прапаведнік, а таксама абаронца здаровага ладу жыцьця.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Аляксею прысудзілі пазбаўленьне волі, цяпер стала вядома, што ён знаходзіцца ў гомельскім СІЗА-3.

Выпускніцу гістфаку зь Ліды асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»

Маргарыту Ясевіч зь Ліды асудзілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361‑4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Маргарыце Ясевіч 29 гадоў. У 2018‑м скончыла гістарычны факультэт БДУ, спэцыяльнасьць «Музэйная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны».

У 2020 годзе Маргарыта зарэгістравала ў Смаленску фірму «ВМ-ТОРГ». Апошнімі гадамі жыве ў Самахвалавічах пад Менскам, піша «Наша Ніва». Падобна, ёй прысудзілі «хатнюю хімію».

Менскую мастачку Аксану Шаляпіну асудзілі на 3 гады за дапамогу палітвязьням

Аксану Шаляпіну затрымалі ў чэрвені 2025 году і да суду трымалі ў менскім СІЗА-1. Суд над ёй пачаўся ў лістападзе, а сёньня яе пакаралі трыма гадамі зьняволеньня за тое, што яна дапамагла некалькім дзясяткам палітвязьняў, калі яны былі пад вартай, піша DissidentBY.

Аксане Шаляпінай 48 гадоў. Яна скончыла архітэктурны факультэт і з 2009 году займалася алейным жывапісам. Ейныя творы ёсьць у прыватных калекцыях розных краінаў.

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» кліпы гурту «Dymna Lotva», разьмешчаныя на YouTube

• «Сьмерць цалуе ў вочы»,

• «Buried Alive (live at Prophecy fest 2023)»,

• «Адышоўшым (acoustic live at Radio Wnet)»,

• «Перемен! (Кино cover)»,

• «Мяне больш няма (Halloween Live)»,

• «Жывi! (Live!) (Official Music Video)».

Пра гэта паведаміла «Вясна».

Песьня «Адышоўшым» напісаная на верш Валерыя Маракова — паэта, расстралянага 29 кастрычніка 1937 году.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валеры Маракоў — улюбёны паэт Купалы, застрэлены ў менскай турме НКВД