Пазьняк прапануе дадаць у мірны плян Трампа адзін пункт пра Беларусь

Зянон Пазьняк

Лідэр Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк разам з актывістамі Пашлам Вусавым і Юрыем Беленькім прапануюць уключыць у мірны плян ЗША па расейскай агрэсіі супраць Украіны асобны пункт пра Беларусь.

«У апошнія месяцы адбываецца інтэнсіўная падрыхтоўка да перамоваў паміж Расеяй і Украінай. Прыярытэтам мірнага працэсу зьяўляецца спыненьне ваенных дзеяньняў і ўвядзеньне сістэмы гарантый для Украіны». — гаворыцца ў звароце.

Аднак, паводле Пазьняка, у праектах перамоваў ня ўлічана, што тэрыторыя Беларусі па-ранейшаму выкарыстоўваецца Масквой як стратэгічны рэсурс для магчымай агрэсіі.

«У 2022 годзе Расея пад выглядам сумесных вайсковых вучэньняў увяла ў Беларусь свае войскі і выкарыстала залежнасьць ад рэжыму Лукашэнкі для нападу на Украіну. На сёньня Беларусь застаецца тэрыторыяй, дзе разьмешчана расейскае войска і ядзерная зброя». — працягваюць падпісанты звароту.

Пазьняк і ягоныя калегі лічаць, што гэта патэнцыйна небясьпечная магчымасьць для рэгіёну і павінна быць адлюстраваная ў мірным пагадненьні.

У сваім звароце яны заклікаюць уключыць пункт аб вывадзе расейскага войска і ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі дзеля гарантаваньня бясьпекі ва ўсходняй Эўропе.

Перамовы паміж ЗША і Расеяй пра спыненьне вайны ва Ўкраіне ў аўторак не прывялі да прарыву, бо Крэмль заявіў, што ў ключавым пытаньні тэрыторыі «кампрамісу» пакуль не дасягнулі. У першапачатковай вэрсіі мірнага пляну ЗША было 28 пунктаў, але пад ціскам Кіева і эўрапейскіх хаўрусьнікаў Украіны ён быў перагледжаны і значна скарочаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Расея не знайшлі згоды наконт мірнага пагадненьня з Украінай у часе пяцігадзінных перамоваў у Крамлі