Хроніка перасьледу 5 сьнежня: журналіста Ігара Ільяша прызналі «экстрэмістам»

Менскі абласны суд, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Ігара Ільяша прызналі «экстрэмістам»

МУС Беларусі прызнаў «экстрэмістам» асуджанага на 4 гады журналіста Ігара Ільяша.

16 верасьня 2025 году Ільяша пакаралі 4 гадамі калёніі і прызначылі штраф у 100 базавых велічыняў. Яго абвінавацілі паводле артыкулаў аб «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (частка 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу) і «дыскрэдытацыі Беларусі» (артыкул 369-1 КК) у тым ліку за напісаныя ім матэрыялы.

Акрамя Ільяша, у сьпіс трапілі яшчэ 23 чалавекі. 19 чалавек у абноўленым сьпісе асуджаныя за «садзейнічаньне экстрэмізму». Зьмест абвінавачаньняў невядомы, але апошнімі месяцамі з гэтым артыкулам ў Беларусі могуць судзіць і зьвязаных з справай «Беларускага Гаюна».

Цяпер у сьпісе 6066 чалавек, піша Mediazonaby.com.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Ігара Ільяша асудзілі на 4 гады турмы за камэнтары і інтэрвію мэдыя

У Койданаве судзяць за перадачу зьвестак аб руху вайсковай тэхнікі

Паводле сьледзтва, 43-гадовы жыхар Менскага раёну з чэрвеня 2022 па красавік 2024 году перадаваў адміністратарам тэлеграм-каналу, які прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем», фота вайсковай тэхнікі, а таксама відэа перамяшчэньняў вайсковага транспарту па тэрыторыі Менскай вобласьці і Менску, піша «Вясна».

Дзяржынскі раённы аддзел Сьледчага камітэту дзеяньні затрыманага кваліфікаваў як «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу). Сьцьвярджаецца, што абвінавачаны віну прызнаў, яго трымаюць пад вартай, а справу перадалі для накіраваньня ў суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамілі, што суды ў «справе Гаюна» праходзяць амаль штодзень

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».