Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў апошняй атацы Расея выкарыстала 22 ракеты розных тыпаў і больш за 460 дронаў, чатыры зь якіх заляцелі на тэрыторыі Малдовы і Румыніі.
«Чатыры дроны вылецелі да нашых суседзяў — у Малдову і Румынію, ёсьць дакладны час пралёту. Менавіта таму ўсе партнэры павінны не забываць, што ратаваць жыцьцё трэба штодня. Зброя і супрацьпаветраная абарона важныя гэтаксама, як і санкцыйны ціск на агрэсара. Нельга рабіць ніякіх паўзаў у дапамозе», — заявіў Уладзімір Зяленскі, камэнтуючы атаку расейскіх войскаў на Ўкраіну ў ноч на 25 лістапада.
Памежная паліцыя пацьвердзіла інцыдэнты з дронамі на сваёй тэрыторыі, а таксама зь бесьпілётнікам, які праз тэрыторыю Малдовы заляцеў у Румынію.
Міністэрства абароны Румыніі паведаміла, што раніцай 25 лістапада два дроны парушылі паветраную прастору краіны. Адзін зь іх неўзабаве вярнуўся на тэрыторыю Ўкраіны, а другі заставаўся на румынскай тэрыторыі. Узброеныя сілы Румыніі празь небясьпеку падымалі сваю авіяцыю ў паветра, паведаміла Румынская служба Радыё Свабодная Эўропа.
У Міністэрстве абароны Малдовы таксама адзначылі, што выявілі чатыры дроны, якія парушылі паветраную прастору краіны і накіраваліся ў Румынію.
У ноч на 25 лістапада расейскія войскі нанесьлі новы ўдар па Ўкраіне — пацярпелі Кіеў, Адэская, Сумская, Харкаўская, Запароская, Херсонская, іншыя вобласьці краіны. Паўсюль ёсьць загінулыя і параненыя. Галоўная цэль — цывільны сэктар і энэргетыка.
У Кіеве загінулі 6 чалавек, 14 атрымалі раненьні. У Запароскай вобласьці сама меней адзін чалавек загінуў і тры чалавекі параненыя. У Херсонскай вобласьці прынамсі тры чалавекі загінулі і 5 атрымалі раненьні.
У Міністэрстве энэргетыкі Ўкраіны заявілі, што расейскія войскі ўчынілі інтэнсіўную камбінаваную атаку на аб’екты энэргетычнай інфраструктуры. Ува ўсёй краіне абмежавалі доступ да электраэнэргіі, вады і цяпла.