Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, сілы супрацьпаветранай абароны змаглі зьбіць 102 бесьпілётнікі, іншыя 36 пацэлілі ў 10 лякацыях.
У Сумскай і Данецкай абласьцях паветраную трывогу дагэтуль не скасавалі. Шэраг маніторынгавых каналаў паведамілі аб новым запуску з боку Расеі ўдарных бесьпілётнікаў.
Пад інтэнсіўным абстрэлам поўнач і поўдзень Украіны
Расейскія войскі сыстэмна абстрэльваюць прамысловыя і энэргетычныя аб’екты ва Ўкраіне. У некалькіх рэгіёнах ёсьць параненыя.
У Чарнігаўскай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі чатыры раёны. Улады пакуль не паведамляюць, ці ёсьць ахвяры і параненыя.
У Сумскай вобласьці ў выніку пацэльваньня дронам раненьні атрымаў кіроўца, які развозіў хлеб. У 15 населеных пунктах рэгіёну пашкоджаньні атрымалі аб’екты цывільнай інфраструктуры і прыватны сэктар.
У Мікалаеве атакавалі прамысловае прадпрыемства, яно загарэлася. Пакуль што паведамялюць аб шасьці параненых. На месцы абстрэлу працуюць пажарныя, выратавальнікі і мэдыкі.
У Херсонскай вобласьці загінуў адзін чалавек, а ў абласным цэнтры раненьні атрымаў 49-гадовы мужчына, якога перасьледаваў расейскі дрон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Працуем, быццам вайны няма. Гэта наш супраціў». Рэпартаж з Херсону, які жыве пад штодзённымі абстрэламі расейскага войска. ВІДЭА, ФОТАРасейскія войскі прасоўваюцца ў Запароскай вобласьці
Аналітыкі групы DeepStateUA паведамілі, што расейскія войскі працягваюць прасоўвацца ў Запароскай вобласьці — яны захапілі Раўнапольле і Яблакавае і ўмацаваліся паблізу яшчэ трох населеных пунктаў у гэтым рэгіёне.
Кіраўнік Цэнтру вывучэньня акупацыі Пятро Андрушчанка адзначыў, што гуляйпольскі кірунак Расея насычае жывой сілай.
У прыфрантавую зону на арэхаўскім кірунку з працоўным візытам прыехаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Там разам з вайскоўцамі ён абмяркоўвае неабходныя крокі для ўзмацненьня абароны Запароскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Дняпры вырасла колькасьць ахвяраў і пацярпелых ад расейскага абстрэлуВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.