Дата дня
6 лістапада 1940 году памёр Лявон Вітан-Дубейкаўскі, архітэктар, дзяяч беларускага нацыянальнага руху, паэт.
Будаўнічую адукацыю атрымаў у Варшаве. Аўтар царквы ў Відзах і касьцёла ў Дрысьвятах, цэркваў на Смаленшчыне. Працаваў у стылях нэаготыкі і мадэрну. Выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах у Горадні і Вільні. У 1918 годзе ён быў прызначаны галоўным архітэктарам БНР, а ў 1919-м — ейным консулам у Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Луцкевічы, Ластоўскі, Вітан-Дубейкаўскі. Да Дня Волі прагуляйцеся па адрасах БНР у ВільніТаксама ў гэты дзень
1595 — Слуцак занялі запароскія казакі атамана Севярына Налівайкі.
1860 — Абрагама Лінкальна выбралі прэзыдэнтам ЗША.
Абрагам Лінкальн
1917 — у Менску завяршылася першая сэсія Беларускай вайсковай цэнтральнай рады, створанай паводле пастановы зьезду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту. Яна імкнулася аб’яднаць вайскоўцаў-беларусаў і дамагалася фармаваньня нацыянальных вайсковых частак.
1927 — у Вільні заснавалі партыю «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».
1940 — у Менску адкрыўся першы ў Беларусі радыёзавод.
1945 — заснаваны Менскі матацыклетна-роварны завод.
1987 — заснаваны Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры. Для наведнікаў музэй адкрыўся ў 1991 годзе.
2018 — у Курапатах усталявлі дзяржаўны мэмарыяльны знак. Ягонага ўрачыстага адкрыцьця не было.
Усталяваньне дзяржаўнага мэмарыяльнага знаку ў Курапатах, 6 лістапада 2018 году
2019 — у Слоніме ўрачыста адкрылі бюст Міхала Казімера Агінскага, вялікага гетмана літоўскага, кампазытара і мэцэната XVIII стагодзьдзя. Дзякуючы яму Слонім стаў адным з культурных цэнтраў Рэчы Паспалітай — з опэрным тэатрам, аркестрам і балетнай трупай.
У гэты дзень нарадзіліся
1742 — Фабіян Саковіч, паэт, перакладчык, пэдагог і каталіцкі сьвятар, які паходзіў зь беларускіх земляў Рэчы Паспалітай. Навучаўся ў езуіцкіх калегіюмах Віцебску і Нясьвіжу, выкладаў у Нясьвіжы, пазьней працаваў у Варшаве. Пісаў па-польску, перакладаў творы антычных аўтараў.
1800 — Леанард Ходзька, гісторык, публіцыст, географ і выдавец, ураджэнец Ашмяншчыны. Вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце, належаў да таварыства філярэтаў, быў асабістым сакратаром кампазытара і дзяржаўнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага.
1887 — Радаслаў Астроўскі, удзельнік Слуцкага паўстаньня, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Пасьля вайны жыў у эміграцыі, памёр у ЗША ў 1976 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Яны былі першыя. Радаслаў Астроўскі1890 — Лейб Найдус, габрэйскі паэт і перакладчык з Горадзеншчыны, адзін з наватараў паэзіі на ідышы. У творчасьці спалучаў габрэйскія літаратурныя традыцыі з эўрапейскім мадэрнізмам, перакладаў Гётэ, Гейнэ, Пушкіна, Лермантава, Бадлера, Вэрлена і іншых клясыкаў. Памёр ад дыфтэрыі ў Горадні ў 1918 годзе, маючы 28 гадоў. Ягоныя творы перакладаў на беларускую мову Максім Танк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Няма ў Горадні анёла1891 — Язэп Воўк-Левановіч, беларускі мовазнавец. У 1937 годзе быў арыштаваны. Ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
1912 — Віктар Войтанка, беларускі палітычны і рэлігійны дзяяч, лекар.
1919 — Мікола Гарулёў, беларускі пісьменьнік.
1968 — Аляксандар Баль, беларускі бард, паэт і кампазытар, аўтар песьні «На родине моей беда, беда», прысьвечанай падзеям 2020 году ў Беларусі. Больш за два дзесяцігодзьдзі працаваў у Магілёўскім абласным драматычным тэатры. У 2023 годзе быў пакараны 15 соднямі адміністрацыйнага арышту з палітычных матываў, пазьней вымушана зьехаў зь Беларусі.
1977 — Марына Золатава, беларуская журналістка, галоўная рэдактарка парталу Tut.by. У траўні 2021 году яе арыштавалі пасьля разгрому рэдакцыі парталу, а ў 2023-м асудзілі на 12 гадоў калёніі. Праваабаронцы прызналі журналістку палітзьняволенай. 13 сьнежня 2025 году Золатаву вызвалілі і прымусова вывезьлі зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Марына Золатава — чалавек». Вялікая гутарка з былой галоўнай рэдактаркай Tut.by, палітзьняволенай і швачкай гомельскай калёнііУ памяці
1862 — Віктар Каліноўскі, беларускі археограф, брат Кастуся Каліноўскага. Ён дасьледаваў гістарычныя дакумэнты Вялікага Княства Літоўскага, удзельнічаў у дзейнасьці падпольных гурткоў у Пецярбургу і паўплываў на палітычныя погляды брата, будучага кіраўніка паўстаньня, да пачатку якога Віктар не дажыў некалькіх месяцаў. Яму было 29 гадоў.
1863 — Міхал Кулеша, мастак, літограф.
1947 — Лукаш Голад, беларусізатар праваслаўя ў Заходняй Беларусі, рэдактар і выдавец часопіса «Праваслаўная Беларусь».
1980 — Станіслаў Станкевіч, літаратуразнаўца, дзяяч беларускай дыяспары ў ЗША, шмат гадоў рэдагаваў газэту «Беларус».
2000 — Стэфанія Станюта, беларуская акторка. Упершыню выйшла на сцэну ў 1919-м у Першым таварыстве беларускай драмы і камэдыі. З 1931-га і да апошніх дзён — амаль сем дзесяцігодзьдзяў — яе жыцьцё было зьвязанае з купалаўскай трупай.
Стэфанія Станюта
2006 — Мікалай Ільніцкі, беларускі грамадзкі і культурны дзяяч, шматгадовы дырэктар Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка.
2019 — Алесь Шут, беларускі лекар, палітык і грамадзкі дзяяч, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня.
Алесь Шут