Дроны атакавалі тры расейскія заводы

Атака на Смаленскі НПЗ, архіўнае фота

Праз атаку закрываліся дзесяць аэрапортаў.

У ноч на 29 кастрычніка тры заводы ў Расеі зазналі атакі дронаў, а некалькі аэрапортаў прыпынялі працу.

У горадзе Будзёнаўск Стаўрапольскага краю бесьпілётнікі атакавалі прамысловую зону, паведаміў губэрнатар Уладзімір Уладзіміраў. У Telegram-канале Astra ўдакладняецца, што цэльлю атакі быў нафтахімічны завод «Ставролен», адзін з галоўных вытворцаў поліэтылену і поліпрапілену ў Расеі.

Паводле паведамленьняў Telegram-каналаў Exilenova+, Astra і Shot, былі атакі на нафтаперапрацоўчыя заводы ва Ўльянаўскай вобласьці і Рэспубліцы Марый Эл.

Да раніцы 29 кастрычніка шэраг расейскіх аэрапортаў аднавіў працу пасьля ўвядзеньня надзвычайных абмежаваньняў, паведаміла Расавіяцыя. Сярод іх аэрапорты Ўладзікаўказу, Валгаграду, Геленджыку, Грознага, Казані, Краснадару, Ульянаўску, Чэбаксараў, Пензы, Саратава, Самары, а таксама маскоўскі аэрапорт Шарамецьева.

Мэр расейскай сталіцы Сяргей Сабянін напісаў, што ў бок Масквы таксама накіроўваліся некалькі бесьпілётнікаў, але іх зьбілі сродкі супрацьпаветранай абароны.

Украіна ў часе вайны актыўна атакуе расейскія стратэгічныя заводы, якія працуюць на вайсковую прамысловасьць Расеі, часта гэта нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Мэта ўкраінскага боку — зьніжэньне магчымасьцяў ворага падсілкоўваць свае войскі для вайны супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як доўга расейская эканоміка зможа працягваць фінансаваць вайну?