Расея ўдарыла па шахце з гарнякамі, чыгунцы і энэргетыцы ў трох вобласьцях Украіны

Праца украінскіх сіл суапрцьпаветранай абароны па расейскіх ракетах і дронах. Ілюстрацыйнае фота

У ноч на 20 кастрычніка расейскія войскі атакавалі мірныя гарады Ўкраіны трыма балістычнымі ракетамі Іскандэр і 60 ударнымі дронамі.

Сілы супрацьпаветранай абароны змаглі зьбіць 38 бесьпілётнікаў розных відаў. Тры ракета і 20 дронаў пацэлілі па 12 лякацыях.

Атака працягваецца і ўдзень.

У Днепрапятроўскай вобласьці ўдарылі па шахце: пад зямлёй працавалі 192 чалавекі

Увечары 19 кастрычніка расейскія войскі ўдарылі па шахце, на якой у той момант працавалі 192 гарнякі. Гэта быў чацьвёрты напад на шахты за апошнія 2 месяцы. Усіх шахцёраў удалося эвакуаваць з-пад зямлі. Як паведаміла кампанія ДТЕК, ніхто не пацярпеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі выказаў гатоўнасьць сустрэцца з Трампам і Пуціным у Будапэшце

На Сумшчыне ад абстрэлаў пацярпелі 26 населеных пунктаў, затрымліваюцца цягнікі

Абласныя ўлады паведамілі, што пасьля абстрэлаў пашкоджана і чыгуначная інфраструктура рэгіёну. У выніку шэраг цягнікоў з Ужгарада, Канатопу і Харкава затрымліваюцца. Зьмены адбыліся і ў прыгарадным транспарце.

Паводле ўладаў, абышлося без ахвяр і параненых.

У Чарнігаўскай вобласьці зноў няма электраэнэргіі

Паводле ўладаў Чарнігаўскай вобласьці, уначы і ўдзень 20 кастрычніка над рэгіёнам зьбілі 77 расейскіх дронаў.

За апошнія 24 гадзіны пашкоджаныя некалькі энэргетычных і інфраструктурных аб’ектаў у трох раёнах вобласьці. На месцах пацэльваньня — пажары. Без электрычнасьці засталіся дзясяткі тысяч будынкаў.

Нягледзячы на інтэнсіўныя ўдары дронамі, украінскія маніторынгавыя каналы не паведамляюць аб руху дронаў праз тэрыторыю Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея пасьля размовы Пуціна і Трампа зноў атакавала ўкраінскую энэргетычную сыстэму. Украіна працягвае ўдары па нафтабазах