Працягваецца распродаж маёмасьці палітвязьня Віктара Бабарыкі, на аўкцыён выставілі карціны

Карціны з арыштаванай калекцыі Віктара Бабарыкі

На аўкцыён у Менску выставілі 19 твораў мастацтва з арыштаванай калекцыі палітвязьня Віктара Бабарыкі.

Знайшліся ахвочыя купіць 14 найтаньнейшых карцін з калекцыі Бабарыкі. Таргі за іх праходзяць 8 кастрычніка, як вынікае са зьвестак сайту «БелЮрЗабесьпячэньне».

Цэны 14 карцін стартуюць ад 165 рублёў і даходзяць да 99,3 тысячы рублёў. Да прыкладу, твор Файбіша-Шрагі Царфіна «Вадаспад у лесе», напісаны каля 1950 году, каштуе 8276 рублёў. Знайшліся трое ахвочых яго набыць. Пачатковая цана карціны «Чырвоны замак» — 9931 рубель. За яе на таргах змагаюцца два ўдзельнікі. Тым часам не знайшлося ахвочых купіць найбольш каштоўныя карціны з калекцыі экс-банкіра.

Агульная стартавая цана ўсіх твораў мастацтва — каля 344 тысяч рублёў, паведамляе «Люстэрка».

Раней праз аўкцыёны прадалі іншую маёмасьць Віктара Бабарыкі, у тым ліку зямельны надзел, аўтамабіль, гадзіньнік.

Прадаюць у Беларусі маёмасьць і іншых палітвязьняў і палітычных эмігрантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стала вядома, што Віктара Бабарыку з мэдсанчасткі вярнулі ў атрад

Перасьлед Віктара Бабарыкі

Пра ўмовы, у якіх цяпер знаходзіцца Віктар Бабарыка і як ён пачуваецца, зьвестак вельмі мала. Паводле апошніх зьвестак інтэрнэт-выданьня «Позірк», у сярэдзіне жніўня Віктара Бабарыку вярнулі з мэдычнай часткі ў атрад, ён зноў працуе ў пякарні наваполацкай калёніі № 1, куды трапіў у канцы 2021 году.

Вядома таксама, што да мэдычнай часткі Бабарыка знаходзіўся ў ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу).

Апошні раз публічныя зьвесткі пра Віктара Бабарыку апублікаваў у студзені 2025 году былы апазыцыйны актывіст Раман Пратасевіч, які зьмясьціў у сваім тэлеграм-канале фатаграфію і відэазварот Бабарыкі да родных. З таго часу невядома, ці даходзяць лісты Віктара Бабарыкі да блізкіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьявіліся фота і відэа палітвязьня Віктара Бабарыкі. Вестак ад яго не было амаль два гады

Віктара Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 году разам з сынам Эдуардам, калі яны накіроўваліся ў ЦВК здаць сабраныя подпісы. Паводле зьвестак ягонага штабу, іх было сабрана больш за 430 тысяч, а пададзена ў ЦВК — 365 тысяч. Затрымліваў старэйшага і малодшага Бабарыкаў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў. У той жа дзень Віктара Бабарыку зьмясьцілі ў СІЗА КДБ.

6 ліпеня 2021 году суд Маскоўскага раёну Менску прызнаў Віктара Бабарыку вінаватым у «атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430 КК) і ў «легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч. 2 арт. 235 КК) ды асудзіў былога кандыдата ў прэзыдэнты, які так і не прызнаў віны, на 14 гадоў зьняволеньня. Таксама былога банкіра пакаралі штрафам у 145 тысяч рублёў (пяць тысяч базавых велічыняў), ён мусіць выплаціць больш за 46 мільёнаў рублёў, каб пагасіць нібыта нанесеную ім шкоду.

У наваполацкай калёніі № 1 Віктара Бабарыку некалькі разоў зьмяшчалі ў ШЫЗА і ПКТ. У 2023 годзе стала вядома, што палітвязень трапляў у шпіталь у стане сярэдняй цяжкасьці. Як казалі іншыя вязьні, у Бабарыкі знайшлі вадкасьць у лёгкіх.

З пачатку лютага 2023 году Віктара Бабарыку трымалі ў рэжыме інкамунікада, які працягваўся больш за паўтара году і ў пачатку 2025 году фактычна аднавіўся. Сын Бабарыкі Эдуард — таксама палітвязень, ён асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня, адбывае пакараньне ў жодзінскай турме № 8 на турэмным рэжыме.

Віктар Бабарыка ўдавец, ягоная дачка Марыя жыве за мяжой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На аўкцыён выставілі мастацкую калекцыю палітвязьня Віктара Бабарыкі