Палітвязень Віктар Бабарыка запісаў зварот да сваіх родных, урывак зь яго апублікаваў праўладны блогер Раман Пратасевіч.
Паводле «Вясны», з 5 лютага 2023 году Віктара Бабарыку трымалі ў рэжыме інкамунікада. Была інфарамцыя пра ягоную тэрміновую шпіталізацыю ў красавіку 2023 году.
На фота і відэа відаць, як Віктар Бабарыка нешта піша на паперы. Пратасевіч патлумачыў, што прывёз Віктару Бабарыку ў Наваполацкую калёнію №1 лісты ад родных і забраў ад яго ліст у адказ і запісаў ягоны відэазварот да сваякоў на волю.
На фота і відэа відаць, што на Бабарыку жоўтая бірка «схільнага да эстрэмісцкіх дзеяньняў». Відаць таксама, што ён моцна схуднеў.
Хто яшчэ застаецца ў рэжыме інкамунікада
Больш за 670 дзён у рэжыме інкамунікада знаходзіцца Сяргей Ціханоўскі, месца ягонага зьняволеньня – турма №8 у Жодзіна.
Больш за 660 дзён у рэжыме інкамунікада трымаюць палітыка, былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, якога трымаюць у ПК-13 у Глыбокім Віцебскай вобласьці, столькі ж часу няма зьвестак пра былога адваката Максіма Знака, якога ўтрымліваюць у ПК-3 у Віцебску.
Паводле «Вясны» журналіста Свабоды Ігара Лосіка каля двух гадоў утрымліваюць у рэжыме інкамунікада ў наваполацкай ПК-1.
Хто такі Віктар Бабарыка
- Віктар Бабарыка цягам 20 гадоў кіраваў «Белгазпрамбанкам», падтрымліваў культурны хаб «ОК16» у Менску. Пры яго спрыяньні ў Беларусь вярнуліся карціны мастакоў Парыскай школы.
- 12 траўня 2020 году Віктар Бабарыка публічна заявіў пра свой намер вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты.
- 18 чэрвеня 2020 году Віктара Бабарыку затрымалі разам з сынам Эдуардам, які быў кіраўніком ягонай ініцыятыўнай групы.
- Палітвязень Віктар Бабарыка 6 ліпеня 2021 году асуджаны Вярхоўным судом на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паводле «Вясны», з пятага лютага 2023 года Віктар Бабарыка ўтрымліваўся ў рэжыме інкамунікада.
- Ён адбывае пакараньне ў калёніі №1 Наваполацку.
- Вядома, што ў ноч з 24 на 25 красавіка 2023 году Віктара Бабарыку ў стане сярэдняй цяжкасьці даставілі ў аддзяленьне хірургіі наваполацкага шпіталя: у яго была вадкасьць у лёгкіх. Была інфармацыя, што перад тым яго пабілі.
- Таксама вядома, што палітвязьня зьмяшчалі ў памяшканьне камэрнага тыпу і ШЫЗА.
- 9 лістапада 2024 года Бабарыку споўнілася 60 гадоў.