Салтаўка вяртаецца да жыцьця: як аднаўляюць разбураны расейцамі найбольшы спальны раён Харкава. ВІДЭА

Паўночная Салтаўка, травень 2025 году

Расейскія войскі разбурылі цалкам або пашкодзілі ў харкаўскім мікрараёне Паўночная Салтаўка 150 шматкватэрных дамоў.

Рэпартаж з пашкоджанага расейскімі ракетамі, снарадамі і бомбамі раёну Харкава, які зараз аднаўляецца, зрабіў тэлеканал «Настоящее время».

«Паўночная Салтаўка — найбуйнейшы спальны раён ня толькі Харкава, але і ўсёй Украіны: да вайны тут жылі больш за 400 тысяч чалавек. Але гэта таксама раён, які найбольш пацярпеў ад спробаў расейскіх вайскоўцаў захапіць горад у 2022 годзе і ад пастаянных абстрэлаў: ад яго да мяжы было толькі каля 40 км. У выніку абстрэлаў і нападаў ракет і дронаў у Паўночнай Салтаўцы было пашкоджана каля 70% дамоў», — паведамляе «Настоящее время».

Паўночная Салтаўка, травень 2025

Па Паўночнай Салтаўцы энтузіясты нават вадзілі экскурсіі для іншаземцаў. Цяпер украінскім вайскоўцам удалося адсунуць лінію фронту ад Харкава. І Салтаўку пачалі паступова аднаўляць: у раёне чуваць гук працы адбойных малаткоў і гул экскаватараў. Частку моцна пашкоджаных дамоў, якія ўжо немагчыма аднавіць, зносяць. Частку — рамантуюць.

Усяго ў раёне пашкоджаныя (у той ці іншай ступені) паўтары сотні шматпавярховых дамоў. Прынамсі 13 гэтых будынкаў аднавіць немагчыма, іх зносяць.

Жыхарам гэтых дамоў выдалі ўжо больш за 2 тысячы сэртыфікатаў на новыя кватэры. Праўда, атрымаць такія сэртыфікаты могуць ня ўсе: калі ў чалавека ёсьць іншыя квадратныя мэтры ва Ўкраіне, то на новую кватэру ад дзяржавы яму прэтэндаваць нельга.

Дом у Паўночнай Салтаўцы пасьля частковага рамонту

Людміла Іванаўна — дзіцячы нэўрахірург. У 2022 годзе яна страціла кватэру на ўскраіне Харкава, калі ў яе дом трапілі некалькі снарадаў: у шматпавярхоўцы абваліўся цэлы пад’езд. Сама жанчына не пацярпела, на той час яна ўжо выехала да дачкі ў Нямеччыну. Але калі расейскае войска адышло ад Харкава — вярнулася дамоў:

«Мы тады зь зяцем нават пасварыліся. Ён немец і сказаў, што няма чаго мне вяртацца, — расказвае харкаўчанка. — Але мне было цяжка там. Я там была ніхто і завуць мяне ніяк. А тут я ўсё-такі людзям неяк патрэбная».

Паўночная Салтаўка, 2025 год

Жанчыне прапанавалі грашовую кампэнсацыю ад дзяржавы і на яе купіла кватэру ўзамен зьнішчанай: кватэра крыху меншая за ранейшую, але харкаўчанка не перажывае. Увесь працэс атрыманьня грошай і пакупкі, паводле яе, заняў толькі пару тыдняў.

Паўночная Салтаўка, 2025 год

Аднак пераяжджаць у новае жыльлё ў Салтаўцы хочуць ня ўсе. Жыхары аднаго дому нават падалі ў суд на экспэртаў, калі тыя вызначылі, што іх дом немагчыма аднавіць. І будуць дабівацца ў судзе менавіта аднаўленьня.

«Экспэрт вынес рашэньне, што наш дом пашкоджаны на 81%. Але 81% — гэта азначае, што ў істоце ад яго толькі падмурак застаўся! — апавядае жыхарка Харкава Ірына Луцэнка. — І мы зьвярнуліся да іншага экспэрта. Правялі новую экспэртызу і даказалі, што ў доме толькі 40% пашкоджаньняў. І наша грамада сабралася і дайшла да суду».

Паўночная Салтаўка, травень 2025 году

Аднаўленьне дому — працэс працяглы і дарагі. Дом ня проста рамантуюць, у многіх дамах умацоўваюць сьцены, а таксама ўцяпляюць іх і ашалёўваюць.

«Каб аднавіць комплексна адзін дом у Паўночнай Салтаўцы — гэта 150–250 млн грыўняў ($ 4,7 млн) і паўтара года працы, — падкрэсьлівае Канстанцін Кароціч, намесьнік дырэктара дэпартамэнту ЖКГ Харкава. — А там 150 дамоў пашкоджаныя».

Аднаўленьне Паўночнай Салтаўкі — усё яшчэ небясьпечны працэс. Будаўнікі штодня працуюць пад гукі сырэны з прычыны абстрэлаў і дронаў. На пытаньне, ці часта такое адбываецца, адказваюць: «Пастаянна». Разам з тым харкаўчане ўпэўненыя — аднаўляць раён трэба, нават нягледзячы на яго блізкасьць да мяжы, нягледзячы на доўгія тэрміны і калясальныя бюджэты. Пасьля 2022 году Паўночная Салтаўка для гараджан — гэта ня проста спальны раён, гэта вароты ў Харкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Войска Ўкраіны пайшло ў контранаступ на поўнач ад Харкава, расейцы працягваюць абстрэлы,— абласная адміністрацыя