ЗША дадуць Украіне зьвесткі ад выведкі для нанясеньня далёкасяжных удараў па расейскай энэргетычнай інфраструктуры

Ракета Tomahawk, архіўнае фота

Гэта адбываецца на тле паведамленьняў аб тым, што адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа разглядае магчымасьць пастаўкі Кіеву зброі далёкага радыюсу дзеяньня, якая дазволіць яму паражаць больш цэляў у Расеі.

Злучаныя Штаты дадуць Украіне выведныя зьвесткі для нанясеньня далёкасяжных удараў па расейскай энэргетычнай інфраструктуры, паведамілі Reuters і The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы ў амэрыканскім урадзе.

Таксама паведамляецца, што высокапастаўленыя чыноўнікі ЗША просяць хаўрусьнікаў у NATO даць падобную падтрымку.

Амэрыканскія СМІ адзначаюць, што ЗША даўно абменьваюцца выведнымі зьвесткамі з Украінай, але ў цяперашніх паведамленьнях гаворка ідзе менавіта пра зьвесткі, якія дазволілі б лягчэй наносіць удары па нафтаперапрацоўчых заводах, трубаправодах, электрастанцыях і г. д., каб пазбавіць Крэмль даходаў і нафты.

У канцы верасьня віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж. Д. Вэнс пацьвердзіў, што Вашынгтон разглядае магчымасьць перадачы Ўкраіне ракет далёкага радыюсу дзеяньня Tomahawk, рашэньне аб чым, паводле яго слоў, прыме прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

Пазьней адмысловы пасланьнік ЗША па Украіне Кіт Кэлаг на пытаньне вядоўцы на Fox News, ці заключаецца пазыцыя Трампа ў тым, што Ўкраіна можа нанесьці ўдары далёкага радыюсу дзеяньня па Расіі, адказаў: «Я думаю, улічваючы тое, што ён сказаў, што сказалі віцэ-прэзідэнт Вэнс і дзяржсакратар Рубіё, адказ — так. Выкарыстоўвайце магчымасьць ударыць глыбока. Забароненых зонаў няма».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі раскрыў пляны вытворчасьці ракет «Флямінга», якія могуць ляцець на 3000 кілямэтраў

Ракета Tomahawk, вырабленая кампаніяй RTX, мае далёкасьць палёту да 1000 міляў (больш за 1600 кілямэтраў), што значна перавышае магчымасьці амэрыканскіх рэактыўных сыстэмаў залпавага агню ATACMS (каля 190 міляў), якія актыўна выкарыстоўваюцца Ўзброенымі сіламі Ўкраіны.

Tomahawk мае большую хуткасьць і баявую моц у параўнаньні з украінскімі бесьпілётнікамі, якія здольныя наносіць удары ўглыб расейскай тэрыторыі, але часта сутыкаюцца з сучаснымі сыстэмамі СПА.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.