У Сумскай вобласьці, дзе трывога была цягам 17 гадзін, расейцы забілі цэлую сям’ю. Пад Данецкам наступаюць украінцы

Наступствы расейскага абстрэлу Кіеўскай вобласьці ў траўні 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

На ўсходзе ўкраінцы вызваляюць захопленыя Расеяй тэрыторыі.

Улады Сумскай вобласьці паведамілі, што ў выніку расейскіх абстрэлаў у Краснапольскай грамадзе рэгіёну загінула сям’я з чатырох чалавек — двое дзяцей 6 і 4 гадоў і іхныя бацькі — 35-гадовы бацька і 26-гадовая маці.

Згодна з паведамленьнем, за апошнія содні расейцы ўчынілі 54 абстрэлы 23 населеных пунктаў. Увогуле ў вобласьці загінулі пяць чалавек і адзін атрымаў раненьні. Расейцы прыцэльна білі зь зьнішчальнікаў і артылерыі па жылых кварталах і аб’ектах цывільнай інфраструктуры.

«Паветраная трывога ў вобласьці працягвалася 17 гадзін 9 хвілін», — паведамілі абласныя ўлады.

У Херсонскай вобласьці, якая таксама цярпіць ад штодзённых абстрэлаў з авіяцыі, артылерыі і дронамі, пацярпелі 29 паселішчаў, адзін чалавек загінуў, чатыры параненыя.

Паводле абласных уладаў, расейцы таксама цэлілі ў крытычную і сацыяльную інфраструктуру, жылы сэктар. У выніку ўдараў пашкоджаныя царква, адміністрацыйнае памяшканьне, музэй і газаправод. Выцек газу змаглі перакрыць, што дазволіла перадухіліць моцны пажар.

У Браварскім раёне Кіеўскай вобласьці ў выніку пацэльваньня расейскага дрону пацярпеў адзін чалавек. Пашкоджаны прыватны дом, гаспадарчыя памяшканьні і аўтамабіль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як найменей чатыры чалавекі загінулі ад расейскага начнога ўдару па Кіеве. Зяленскі абяцае ўдары ў адказ

У Валгаградзкай вобласьці Расеі некалькі населеных пунктаў без электраэнэргіі

Улады Валгаградзкай вобласьці Расеі заявілі аб інтэнсіўнай атацы дронамі, якую адбілі сілы супрацьпаветранай абароны.

«У выніку падзеньня аскепкаў БПЛА на мяжы Валгаграду зафіксавалі два вялікія ўзгараньні сухой травы, якія апэратыўна зьліквідавалі супрацьпажарныя сілы. У Сьветлаярскім раёне парушана энэргазабесьпячэньне трох населеных пунктаў, на лініі электраперадач працуюць рамонтныя брыгады. Папярэдне, пашкоджаньня будынкаў і пацярпелых няма», — адзначаецца ў паведамленьні мясцовай улады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Белгарад — без электрычнасьці пасьля ўкраінскага ўдару па ЦЭЦ. На поўдні і ўсходзе Ўкраіны ахвяры расейскіх атак

Зяленскі: у выніку контранаступу ад расейцаў вызвалілі 174 квадратныя кілямэтры

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў выніку дабрапольскай контрнаступальнай апэрацыі ўкраінскае войска вызваліла больш за 174 квадратныя кілямэтры тэрыторыі.

«Дабрапольская контранаступальная апэрацыя працягваецца. [...] Нашым сілам удалося вызваліць ужо, і гэта ад пачатку апэрацыі, больш за 174 квадратныя кілямэтры, і больш за 194 кілямэтры былі ачышчаныя ад расейскіх дывэрсантаў. Расейскія страты толькі ў межах гэтай апэрацыі — амаль 3200, і большасьць — незваротныя страты», — адзначыў Уладзімір Зяленскі ўвечары 29 верасьня пасьля пасяджэньня стаўкі галоўнага вайскавода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Вярнулі, як быдла». Вызваленых з украінскага палону расейцаў адпраўляюць назад на вайну