У Запароскай вобласьці Ўкраіны — 49 параненых у выніку расейскіх абстрэлаў.
Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў паведаміў аб сур’ёзных перабоях з электрычнасьцю ў рэгіёне.
«Цяпер разьбіраемся з наступствамі і будзем рабіць максымальна, каб падключыць усё, дзе ёсьць магчымасьць і неабходнасьць, да рэзэрвовай генэрацыі, і там, дзе магчыма, перападключыць для забесьпячэньня патрэбаў насельніцтва і нашых прадпрыемстваў», — паведаміў Вячаслаў Гладкоў у сваім Telegram-канале.
Паводле яго, праз адсутнасьць электраэнэргіі магчымыя перабоі з апавяшчэньнем аб ракетнай небясьпецы.
Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, паводле мясцовых Telegram-каналаў, пашкоджана ЦЭЦ у Белгарадзе, на частцы вуліц зьнікла асьвятленьне, не працуюць сьвятлафоры, у дамах спыняліся ліфты з людзьмі. Аб праблемах з электраэнэргіяй таксама паведамілі жыхары яшчэ некалькіх паселішчаў Белгарадзкай вобласьці.
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны паведамілі, што ў ноч на 29 верасьня Расея атакавала Ўкраіну 32 ударнымі дронамі. Украінская супрацьпаветраная абарона (СПА) зьбіла 23 расейскія бесьпілётнікі, яшчэ 9 пацэлілі ў восем лякацыяў.
Для абстрэлаў прыфрантавых рэгіёнаў расейскія войскі выкарыстоўваць дадаткова баявую авіяцыю і артылерыю.
У Нікапальскім раёне Днепрапятроўскай вобласьці пашкоджаныя прыватныя дамы, гаспадарчыя памяшканьні, гаражы і аўтамабілі. У Херсонскай вобласьці — 5 чалавек атрымалі раненьні, пашкоджаныя шматкватэрныя і прыватныя дамы, гаражы і аўтамабілі. У Запароскай вобласьці 49 чалавек параненыя. Ад абстрэлаў пацярпелі прыватныя дамы, тэхніка і інфраструктурныя аб’екты.
У Харкаўскай вобласьці два чалавекі загінулі і тры параненыя, у тым ліку 14-гадовая дзяўчынка.
Расейская армія рэгулярна з розных відаў узбраеньня абстрэльвае ўкраінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі пераконвае, што не наносіць мэтанакіраваных удараў па цывільнай інфраструктуры і мірных жыхарах.
Украінская ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і заяўляюць, што Расея мэтанакіравана зьнішчае аб’екты крытычнай інфраструктуры і мірных жыхароў.