Хроніка перасьледу 22 верасьня: затрымалі некалькіх чалавек, датычных да тэлеграм-чату «Орг BY»

Віталь Броўка, адзін зь меркаваных удзельнікаў чату, абвешчанага ўладамі «экстрэмісцкім»

Чат у пачатку верасьня абвясьцілі «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Затрыманьні датычных да тэлеграм-чату «Орг BY»

Паводле сілавікоў, дачыненьне да «Орг BY» мелі Аляксандар Касінскі, Анатоль Запольскі-Доўнар, Віталь Броўка, Віталь Супрановіч. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Аляксандар Касінскі, які працуе дырэктарам службы Kvitki.bу, затрыманы.

Як расказаў адзін з удзельнікаў чату, які цяпер у эміграцыі, «Орг BY» стварылі прафэсіяналы ў сфэры арганізацыі канцэртаў у першай палове 2020 году — выключна для каардынацыі працы .

«Там мы проста дзяліліся працоўным досьведам, нешта маглі адзін аднаму параіць. Нічога „экстрэмісцкага“ ў чаце дакладна не было, было ўсё пра Беларусь, пра будучыню, пра нейкі пазытыў яшчэ», — расказвае суразмоўца.

Прыблізна ў 2021‑м, як успамінае ўдзельнік, усе дыялёгі скончыліся. Чат знайшлі ў тэлефоне ў аднаго з затрыманых арганізатараў канцэртаў. І гэта стала падставай наведацца да іншых удзельнікаў, якія заставаліся ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 19 верасьня: банкіра з Наваполацку асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

Лекара з Горадні асудзілі па двух пратэстных артыкулах

64-гадовага Сяргея Рамашова, УГД-дыягноста з Горадні асудзілі на 3,5 года калёніі, паведаміла «Вясна». Паводле праваабаронцаў, імаверна, перасьлед зьвязаны са справай «Беларускага гаюна».

Аб судзе над Сяргеем Рамашовым стала вядома ў жніўні 2025 года. Яго абвінавачвалі па артыкулах аб распальваньні варожасьці (артыкул 130 КК) і фінансаваньні «экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-2 КК).

Некаторым затрыманым за пратэсты мяняюць артыкул на «масавыя беспарадкі»

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра выпадкі, калі затрыманым за ўдзел у пратэстах акрамя арт. 342 КК (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) пачалі інкрымінаваць арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).

Гэта зьвязана з тым, што ўжо мінула 5 гадоў з моманту некаторых акцый пратэсту, а значыць скончыўся тэрмін даўніны прыцягненьня да адказнасьці паводле арт. 342 КК. Але перасьлед паводле за «ўдзел у масавых беспарадках» працягваецца.

Абвінавачаным пагражае ад 5 да 15 гадоў за «арганізацыю масавых беспарадкаў» і ад 3 да 8 гадоў за ўдзел у іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 11 верасьня: кіраўніцу вакальнай студыі асудзілі за ўдзел у пратэстах