У расейскія санкцыйныя пакеты Эўразьвязу за вайну ва Ўкраіне трапляюць таксама афіцыйныя асобы і кампаніі зь Беларусі. Ці так будзе і гэтым разам, пакуль не паведамляецца.
У 19-ы сьпіс санкцыяў супраць Расеі за яе вайну ва Ўкраіне прапануюць уключыць банкі, энэргетыку і крыптавалюты. Эўракамісія таксама прапануе паскорыць адмову ад расейскай нафты.
Пра гэта ў сацыяльнай сетцы X паведаміла старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен пасьля тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Паводле яе, Эўракамісія неўзабаве падасьць праект новага пакету санкцыяў.
«Расейская ваенная эканоміка, якая падтрымліваецца даходамі ад выкапнёвага паліва, фінансуе кровапраліцьце ва Ўкраіне. Каб пакласьці гэтаму канец, Камісія прапануе паскорыць паэтапную адмову ад імпарту расейскага выкапнёвага паліва», — адзначыла фон дэр Ляен.
Кіраўніца Эўракамісіі назвала размову з Трампам «плённай». Яна паведаміла, што яны абмеркавалі сумесныя намаганьні для ўзмацненьня эканамічнага націску на Расею.
Трамп раней заклікаў эўрапейскіх лідэраў спыніць закупкі расейскай нафты, а на мінулым тыдні заявіў, што ЗША «гатовы яўвесьці сур’ёзныя санкцыі супраць Расеі, калі ўсе краіны NATO спыняць куплю нафты ў Расеі» і ўвядуць санкцыі супраць Кітаю.
Паводле дасьледчага цэнтру CREA, найбуйнейшымі пакупнікамі расейскай нафты застаюцца Кітай (47% паставак) і Індыя (38%), а таксама ЭЗ (6%) і Турэччына (6%). Трамп раней павысіў мыты на тавары зь Індыі за тое, што краіна купляе расейскую нафту, супраць Кітаю такіх захадаў не ўвялі.
ЭЗ ужо забараніў імпарт сырой нафты з Расеі морам і ўвёў верхнюю мяжу цэнаў на расейскую нафту ў 47,6 даляра за барэль (да лета 2025 году 60 даляраў за барэль). Згодна з раней распрацаваным плянам, ЭЗ плянаваў адмовіцца ад імпарту расейскай нафты і газу да 1 студзеня 2028 году.