Першыя пакеты ўзбраеньняў ЗША для Ўкраіны ў рамках новай схемы, аб якой раней дамовіліся Вашынгтон і яго саюзьнікі ў Эўропе, былі адобраныя Белым домам і неўзабаве могуць быць адпраўленыя Кіеву.
Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на дзьве крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй.
Гэта першы выпадак выкарыстаньня новага мэханізму, распрацаванага ЗША і іх саюзьнікамі, для забесьпячэньня Ўкраіны зброяй з амэрыканскіх запасаў з выкарыстаньнем сродкаў краін NATO.
Як паведамляе Reuters, намесьнік кіраўніка Пэнтагона па пытаньнях палітыкі Элбрыдж Колбі адобрыў дзьве пастаўкі коштам па 500 мільёнаў долараў кожная ў рамках новага мэханізму, званага Priority Ukraine Requirements List (PURL — «Сьпіс прыярытэтных патрэб Украіны»). Якія менавіта ўзбраеньні будуць пастаўлены, не ўдакладняецца.
Аб дамоўленасьцях аб новым мэханізме паставак амэрыканскай зброі аб’явілі ў сярэдзіне ліпеня. Фінансаваць пастаўкі будуць не ЗША, а іншыя краіны NATO. Украіна будзе вызначаць прыярытэтныя віды ўзбраеньняў у рамках пакетаў па 500 млн даляраў, а краіны-чальцы альянсу будуць разьмяркоўваць паміж сабой, хто возьме аплату на сябе.
Гэтая інфармацыя пакуль афіцыйна не пацьверджана, і Пэнтагон не адказаў на запыт Reuters аб камэнтары.
Пры адміністрацыі прэзыдэнта Джо Байдэна Злучаныя Штаты ў асноўным пастаўлялі зброю Кіеву за свой кошт. Дональд Трамп заявіў, што больш ня будзе бясплатна пастаўляць зброю, што паставіла пад пагрозу абараназдольнасьць Украіны.