У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што расейскія войскі ў ноч на 16 верасьня атакавалі ўкраінскія гарады 113 ударнымі дронамі з розных кірункаў.
Папярэдне, 89 дронаў змаглі зьбіць, 22 — пацэлілі па 6 лякацыях, аскепкі яшчэ двух бесьпілётнікаў упалі ў 2 месцах.
У Запарожжы адзін чалавек загінуў, больш за 10 параненыя
Расейскія войскі атакавалі Запарожжа з ракетных комплексаў «Тарнада».
«Атакі былі па двух раёнах горада: Камунарскаму і Шаўчэнкаўскаму. Пашкоджана 10 шматкватэрных дамоў, 12 будынкаў прыватнага тыпу, два зь іх загарэліся», — паведаміў кіраўнік Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі Іван Фёдараў.
Паводле яго, у выніку расейскага абстрэлу адзін чалавек загінуў, 18 атрымалі раненьні, у тым ліку двое дзяцей.
Частка Сумскай вобласьці засталася без электраэнэргіі
Улады Сумскай вобласьці паведамілі, што ўначы расейскія войскі з артылерыі, авіяцыі, а таксама дронамі абстралялі 51 населены пункт рэгіёну. Сем чалавек атрымалі раненьні.
Найбольш пацярпелі Сумскі і Шосткінскі раёны: пашкоджаныя аб’екты цывільнай інфраструктуры і жылы сэктар. Праз расейскую атаку частка вобласьці засталася без электраэнэргіі.
Расейцы атакавалі Кіеўшчыну ў часе працы выратавальнікаў
Як паведаміла Дзяржаўная служба Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях, расейскія дроны пацэлілі ў аўтамабільную стаянку гандлёвага цэнтру. Яна загарэлася. Калі прыехалі ратавальнікі і пачалі тушыць пажар, адбыўся паўторны ўдар, у выніку якога пацярпелі і два пажарна-ратавальныя аўтамабілі.