502 дроны і 24 ракеты. Расея атакавала ва Ўкраіне энэргетыку, Зяленскі заклікаў узмацніць ціск на агрэсара

Наступствы расейскага абстрэлу Адэсы 18 жніўня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

У Генэральным штабе Ўзброеных сілаў Украіны паведамілі, што ў ноч на 3 верасьня расейскія войскі атакавалі тылавыя рэгіёны 502 ударнымі і выведнымі дронамі, а таксама 24 крылатымі ракетамі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, сродкі супрацьпаветранай абароны (СПА) змаглі зьбіць 430 дронаў і 21 ракету.

Іншыя тры ракеты і 69 ударных бесьпілётнікаў пацэлілі па 14 лякацыях.

Расейскія сродкі нападу зьбівалі ў Львоўскай, Кіраваградзкай, Івана-Франкоўскай, Хмяльніцкай, Валынскай і Чарнігаўскай вобласьцях. Мясцовыя ўлады паведамлялі аб пажарах у выніку расейскіх абстрэлаў і працы СПА.

У Чарнігаўскай вобласьці расейцы пацэлілі ў аб’ект цывільнай крытычнай інфраструктуры — больш за 30 тысяч хатніх гаспадарак у Нежынскім раёне засталіся без электраэнэргіі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў начны абстрэл энэргетычных аб’ектаў Украіны паказальным.

«Асноўныя мішэні — цывільная інфраструктура, у тым ліку энэргетычныя аб’екты, транспартны вузел, нават гаражны каапэратыў і, як ужо стала звыклым для расейцаў, жылы сэктар. За гэтую ноч у розных рэгіёнах нашай краіны пашкоджаны дзясяткі жылых дамоў. Працягваецца ліквідацыя пажараў. Відавочна, што гэта паказальныя расейскія ўдары. Пуцін дэманструе беспакаранасьць. І гэта дакладна патрабуе рэакцыі сьвету. Толькі праз адсутнасьць дастатковага ціску, найперш на эканоміку вайны, Расея працягвае гэтую агрэсію», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Украінскі прэзыдэнт паведаміў, што 3 верасьня возьме ўдзел у саміце Ўкраіна — Паўночная Эўропа і Балтыя, на якім абмяркуюць адчувальнае падмацаваньне для Ўкраіны, а таксама правядзе двухбаковыя перамовы ў Францыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Герасімаў: вайна будзе працягнутая, расейскія войскі наступаюць